В Докшицком военкомате идёт осенний призыв
Ідзе восеньскі прызыў. Хутка, а дакладней, з 16 па 27 лістапада будзе ажыццяўляцца адпраўка навабранцаў у вайсковыя часці, дзе юнакі змогуць выканаць свой абавязак перад Радзімай. Пра гэта наша размова з начальнікам групы прызыву раённага ваенкамата Уладзіславам Трашчанкам.
– Уладзіслаў Генадзьевіч, напэўна, самае распаўсюджанае пытанне, якое хвалюе прызыўнікоў, – гэта адтэрміноўка. Якія прычыны могуць стаць падставай для яе?
– Першая – гэта стан здароўя. Хочацца звярнуць увагу тых юнакоў, якія шукаюць у сабе хваробы, каб пазбегнуць арміі: ваенна-урачэбная камісія складаецца з прафесіяналаў сваёй справы, якіх не так лёгка падмануць. Тым больш, што, акрамя медыцынскага агляду фізічнага стану раённай і абласной камісіямі, прызыўнікі праходзяць кантрольны медагляд па месцы службы. Прычынамі для адтэрміноўкі таксама з’яўляюцца: сямейнае становішча, атрыманне адукацыі або навучанне на ваенна-тэхнічных факультэтах, ажыццяўленне дэпутацкіх паўнамоцтваў, загад Прэзідэнта.
– Хто ў нашай краіне мае права служыць па кантракце?
– На кантрактнай аснове могуць служыць грамадзяне мужчынскага полу, прыдатныя па здароўі, якія не праходзілі тэрміновую службу, але маюць роднасную з ваеннай спецыяльнасць. Застацца ў арміі на кантрактных умовах могуць і былыя салдаты тэрміновай службы.
– Уладзіслаў Генадзьевіч, у якіх выпадках прызыўнік лічыцца ўхіліўшымся ад прызыву?
– Калі чалавек атрымаў павестку і не з’явіўся ў ваенкамат ва ўстаноўлены тэрмін. Дакументы на дадзеных грамадзян перадаюцца ў пракуратуру.
– Ці могуць даведацца будучыя салдаты пра тое, у якіх войсках давядзецца несці тэрміновую службу?
– Канечне. За ўвесь час прызыўной кампаніі, а гэта тры месяцы, юнакі праходзяць паэтапную праверку. Па яе выніках мы робім выснову, хто і куды адправіцца служыць. Звычайна гэта сілы спецыяльных аперацый, унутраныя войскі, органы пагранічнай службы, ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны і іншыя ваенныя фарміраванні Рэспублікі Беларусь.
Нагадваем, што грамадзянам, якія страцілі права на адтэрміноўку і не атрымалі персанальную павестку на прызыў, неабходна абавязкова з’явіцца ў райваенкамат. Пры сабе трэба мець дакумент, які сведчыць асобу.
– Дзякуй за інтэрв’ю.
Гутарыла
Яўгенія МАЛЕВІЧ.