Александр Плыгавко является руководителем молодёжного движения при храме

IMG_3475 (1)Пазнаёміцца з Аляксандрам Плыгаўкам давялося некалькі гадоў таму падчас падрыхтоўкі артыкула пра фестываль праваслаўнай моладзі ў Крулеўшчыне. Было бачна, што ён, як кіраўнік моладзевага руху пры храме Адсячэння галавы Іаана Прадцечы, актыўна дапамагае яго настаяцелю айцу Віктару Гміру, адказна ставіцца да даручэнняў і пры гэтым умее кантактаваць з аднагодкамі, знаходзіць агульную мову са старэйшымі людзьмі. За гэты час прозвішча Сашы неаднаразова згадвалася ў сувязі з рознымі добрымі справамі прыходу. І вось, калі маршрутам нашага пастаяннага праекта “Моладзь. Рэгіён” была абрана Крулеўшчына, стала зразумела, што гэта найлепшы выпадак расказаць пра юнака.

Сёння Аляксандр – студэнт трэцяга курса гістфака БДПУ імя М. Танка, паралельна працягвае адказваць за моладзевы рух на тэрыторыі рэгіёна, вучыцца на місіянерскіх курсах Мінскай духоўнай акадэміі, спявае ў гурце “Модус”, вядзе і ўдзельнічае ў многіх канцэртах у роднай Крулеўшчыне, іграе на акардэоне і гітары, а яшчэ захапляецца посткросінгам, піша вершы і марыць ствараць відэаблог, прысвечаны цікавым, але мала вядомым мясцінам Докшыччыны. Пра тое, як усё гэта сумяшчае 19-ці гадовы юнак, пра што ён марыць і што, на яго думку, перашкаджае жыць сучаснікам цікава, чытайце ў інтэрв’ю.

– На светапогляд чалавека аказваюць уплыў мноства фактараў. Што фарміравала менавіта цябе?

– Я б адказаў не што, а хто. У першую чаргу – мае бацькі, якія вучылі і вучаць у любой сітуацыі заставацца чалавекам. І, канечне, айцец Віктар Гмір. У тым, што я ды і іншая моладзь цягнецца да праваслаўя – вялікая яго роля.

– А чаму менавіта гістфак?

– Па складзе мыслення я гуманітарый. На шлях захаплення гісторыяй дапамагла саступіць мая настаўніца Галіна Уладзіміраўна Белая. Менавіта ёй я ўдзячны за тое, што пасля школы надта не вагаўся, куды паступаць. Сур’ёзна захапляюся рэлігійным краязнаўствам, збіраю матэрыял. Мару стварыць у Сеціве рэсурс, каб дзяліцца гэтай інфармацыяй. А вось разуменне таго, што вучуся, у першую чаргу, на настаўніка прыйшло толькі зараз. У гэтай прафесіі павінна быць як мага меней выпадковых людзей. Кажуць, што сапёр не мае права на памылку, вось і настаўнік таксама. Веды ў мяне пакуль толькі тэарэтычныя, але інтуітыўна дапамагае спасцігаць практычную педагогіку праца з моладдзю праваслаўнай садружнасці.

– Прафесія і прызванне павінны хаця б часткова супадаць?

– Складанае пытанне. Хутчэй так. Бо ў адваротным выпадку, напэўна, работа становіцца мучэннем.

– Што перашкаджае тваім сучаснікам жыць цікава?

– Тое, з чым хаця б раз за жыццё сутыкаецца кожны з нас. Гэта глабальная лянота. Астатнія прычыны – не істотныя.

– Вяртаючыся да праваслаўя. Як, на тваю думку, пазбавіцца ад штампу, што царква – гэта месца, куды ходзяць толькі людзі ў паважаным узросце і з пэўным жыццёвым багажом?

– Калі адказваць коратка, то я запрашаю маладых людзей завітаць да нас на сустрэчу праваслаўнай моладзі. У Крулеўшчыне мы збіраемся па суботах у будынку каля храма, пад вечар. Мы спяваем, жартуем, гуляем у пазнавальныя гульні, разважаем на розныя тэмы: ад Ноевага каўчэга да сучаснай музыкі. Гэта дапамагае прагнаць усе стэрэатыпы. Суполка моладзевага руху пры храме ўзнікла чатыры гады таму, паралельна існуе нядзельная школа. Калі мы праводзілі першы праваслаўны фестываль у Крулеўшчыне, думалі пра тое, ці будуць удзельнікі. Перасцярога аказалася дарэмнай. Фэст ладзіцца ў чацвёрты раз, і ён ужо стаў не толькі рэспубліканскім, але і дзесьці міжнародным. Да нас прыязджалі праваслаўныя падлеткі з Германіі і нават далёкай Аўстраліі. Садружнасць праваслаўнай моладзі дае таксама шанец падарожнічаць па краіне і за яе межамі, знаёміцца з новымі людзьмі. Напрыклад, у гэтым годзе Крулеўшчынская моладзь перамагла на епархіяльнай зарніцы ў Паставах, прымала ўдзел у падарожжы на Валаам. Штогод мы наведваем праваслаўны калядны бал у Глыбокім. Зараз актыўна рэпетыруем калядную праграму, якая будзе ставіцца ў нашым Цэнтры культуры і вольнага часу. Да дзесяцігоддзя храма пасадзілі алею. Мы тэлефануем, пішам адзін аднаму ў сацыяльных сетках, падтрымліваем, даём парады, жывём насычана і цікава.

– Пра што марыцца ў межах 5-ці – 10-ці бліжэйшых гадоў.

– Вучыцца, развіваць праваслаўны моладзевы рух, займацца вакалам і заставацца годным чалавекам.

І, напрыканцы, бліц.

Калі
кніга, то
– замежная класіка, думкі царкоўных пастараў;

колер, то
– чырвоны;

смак, то
– традыцыйнай нацыянальнай кухні;

пара года, то
– кожная;

настрой, то
– аптымістычны;

месца жыхарства, то
– невялікі гарадок.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *