Детский сад №1 в Крулевщине обновил музыкальный зал
Сёлета набыла новы воблік музычная зала дзіцячага садка №1 у Крулеўшчыне. У вялікім прасторным памяшканні, якое знаходзіцца на другім паверсе ўстановы, праведзены грандыёзныя рамонтныя работы. У першую чаргу, з бюджэту былі выдаткаваны сродкі на замену сямі старых аконных блокаў на шклопакеты. Затым гіпсакардонам уцяплілі сцены. На падлозе з’явіўся новы лінолеум. За пазабюджэтныя сродкі садка былі набыты шпалеры і плітка для столі, якія супрацоўнікі паклеілі сваімі сіламі. З той прычыны, што ў зале праходзяць не толькі музычныя, але і спартыўныя заняткі, для падрастючага пакалення ўсталявана гімнастычная сценка.
– Мы вельмі ўдзячны за дапамогу раённай уладзе, мясцовым арганізацыям, а таксама нашым актыўным татам і мамам, якія з разуменнем ставяцца да нашых патрэб і дапамагаюць садку, а значыць, і сваім дзеткам, якіх на сёння ў нас 70 чалавек, – зазначае яго загадчыца Ірына Бабіч.
Зараз ва ўстанове дашкольнага выхавання актыўна рыхтуюцца да навагодняга ранішніка, які, думаецца, у яркай, адрамантаванай зале пройдзе “на ўра”, як гэта, дарэчы, звычайна і бывае.
НА ЗДЫМКУ: крулеўшчынская дзятва з радасцю рэпетыруе ў прыгожай зале.
Тэкст і фота
Наталлі НАВІЦКАЙ.