Для Алеси Саульской из деревни Витуничи Докшицкого района материнская обязанность не в тягость
Амаль два гады таму наша газета віншавала Алесю Саульскую з Вітуніч з нараджэннем дачушкі. У Леры ёсць яшчэ дзве сястрычкі і тры брацікі. Алеся Міхайлаўна прызнаецца, што мець вялікую сям’ю яна хацела заўсёды, толькі не думала, што будзе ў ёй фактычна адзіным кармільцам.
Старэйшыя дзеці Каця і Максім ужо дарослыя. Яны вучацца ў Мінску на тэхнолагаў харчовай прамысловасці. Кожныя выхадныя прыязджаюць дадому, каб дапамагчы маці ўпраўляцца з гаспадаркай і самім паняньчыцца з меншымі. Бацька Каці і Максіма памёр, а другі муж Алесі, пакінуўшы на яе чацвёра дзетак, з’ехаў у Расію. Жыццёвая сітуацыя, у якую трапіла гэта прыгожая, вельмі добрая і няхітрая жанчына, не зайздросная. Не адзін прыклад знойдзецца, калі падобныя да яе пад цяжарам непасільнай ношы, забываліся пра свае мацярынскія абавязкі, шукалі палёгку ў віне і выпадковых знаёмствах. У гэтым сэнсе Алеся Саульская – прыклад жаночай мужнасці, неверагоднай працавітасці і бязмернай цярплівасці.
Усе яе дзеці на дзіва прыгожыя, дагледжаныя, а вучыць іх, апранае і корміць жанчына на грошы з пенсіі па страце кармільца і тыя, што атрымлівае на меншую дзяўчынку, бо Лерачцы пакуль толькі два годзікі. Яна разам з трохгадовай Маргарытай ходзіць у яслі, а Вадзім і Жэнька займаюцца ў пачатковых класах. Хлопчыкі, пакуль вучацца студэнты, першыя маміны памочнікі. Кормяць птушку, прыносяць дровы ў грубку і пільнуюць вечарамі меншых сястрычак, пакуль мама ўпраўляецца ў хляве. Алеся Міхайлаўна, каб хоць неяк звесці канцы з канцамі, трымае дзвюх кароў(!), некалькі кабаноў, статак птушак. І з усёй гэтай гаспадаркай кожны дзень спраўляюцца адны рукі, якія яшчэ мыюць бялізну, гатуюць абеды, прыбіраюць у доме. У пояс толькі застаецца пакланіцца гэтай жанчыне.
Бываюць у яе і хвіліны адчаю, калі слёзы засцілаюць вочы, а ў галаве ўзнікае толькі адно пытанне:” Чаму такое менавіта са мной? За што?” Яна ведае, што так думаць нельга, што Бог кожнаму дае пасільную ношу і за тое, як чалавек пранясе яе, дорыць міласць сваю, але ж і сталь, бывае, гнецца. Надаюць сілы шчырыя дзіцячыя вочкі, якія ўпэўнены, што мама можа ўсё. І Алеся вяртаецца ў рэальнасць, дзе ўсе яе чорныя думкі паглынае калаўрот бясконцых спраў.
Дзяржава не так даўно ў адным з новых кааператываў выдзеліла гэтай сям’і кватэру. Яна пакуль пустуе, бо пераязджаць у горад Алеся Міхайлаўна, канечне, не плануе, ёй там не пражыць, ды і на працу хутка выходзіць (яна даярка ў ДП “Гняздзілава-Агра”). Спадзяецца, што, магчыма, старэйшая дачка пажадае пасля заканчэння вучобы ўладкавацца на хлебазавод, дзе праходзіла практыку і дзе ёй спадабалася. Вось і спатрэбіцца кватэра. У Каці ў планах атрымаць вышэйшую адукацыю, і мама яе ў гэтым падтрымлівае.
У дзяцей Алесі Міхайлаўны ёсць усё неабходнае, але дапамога ім адзеннем, цацкамі не будзе залішняй. Сама жанчына вельмі сціплая і нічога ніколі не просіць, але той, хто гадаваў малечу ведае, як шмат ёй чаго патрабуецца, а цэны сёння кусаюцца. Калі ў каго з’явіцца жаданне і магчымасць зрабіць добрую справу і падтрымаць гераічную шматдзетную маці, тэлефануйце ў рэдакцыю (2-13-67, 2-13-39) або пішыце на электронную скрыню (rodvitoki@yandex.ru).
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Алеся Саульская з меншымі сыночкамі.
Фота аўтара.