«Королевские близнецы» родились в семье Костюк из Докшиц

IMG_0658Дзіця – гэта падарунак лёсу. Пятра і Алену Касцюкоў з райцэнтра жыццё ўзнагародзіла чатыры разы. Старэйшай дачушцы Марыне – дзевяць гадоў, сыночку Арсенію – шэсць. 19 лістапада ў маладой сям’і нарадзіліся двайняткі – Аляксандра і Павел. Факт з’яўлення на свет адначасова хлопчыка і дзяўчынкі называюць “каралеўскім”, бо такія выпадкі – рэдкасць.

Выбітнай гэта падзея стала як для сям’і Касцюкоў, так і для раёна. Бо толькі напрыканцы лістапада на Докшыччыне былі зарэгістраваны першыя за 2015-ы год двайняткі. Павіншаваць бацькоў з радаснай падзеяй завітала цэлая дэлегацыя. Гэта намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, старшыня раённай суполкі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Алена Тулоўская, начальнік аддзела ЗАГС Ірына Баговіч і дырэктар ТЦСАН, дзе, дарэчы, працуюць і тата, і мама малышоў, – Сяргей Лісіца. З самымі шчырымі пажаданнямі яны ўручылі матулі кветкі, тату – памятныя пасведчанні, а для Сашкі і Паўліка – мяккія цацкі, якія, як бачна на здымку, пакуль вельмі даспадобы іх старэйшым сястрычцы і браціку.

Расчуленая ўвагай Алена напрыканцы прызналася, што яны з мужам вельмі шчаслівыя такому падарунку нябёс, хаця добра разумеюць, што адказнасць за сям’ю павялічылася ўдвая. Але, калі Бог падараваў столькі дзетак, ён дасць і магчымасць выгадаваць іх.

НА ЗДЫМКУ: шчаслівая сям’я Касцюкоў з Докшыц.
Тэкст і фота
Наталлі НАВІЦКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *