Непотопляемый корабль семьи Ковалёнков из Докшицкого района
Мабыць, колькі існуе свет, столькі ж існуюць два спрэчныя меркаванні. Адны лічаць, што чалавек – паўнапраўны гаспадар свайго лёсу, іншыя ўпэўнены: усё, што з намі адбываецца, ужо прадвызначана яшчэ да нашага нараджэння. Безумоўна, у жыцці кожнага з нас ёсць падзеі і абставіны, на якія нельга ніякім чынам паўплываць. Але ж ёсць і такія сітуацыі, дзе менавіта ад самога чалавека залежыць яго будучае. Нават калі пагадзіцца з тым, што не мы самі выбіраем свой жыццёвы шлях, то менавіта як, якім чынам прайсці гэты шлях – толькі наш выбар. Бацькі і дзеці нам даюцца звыш, шлюбы, мабыць, таксама заключаюцца на нябёсах. А вось ужо захаванне пачуццяў на доўгія гады, умацаванне сям’і, правільнае вызначэнне прыярытэтаў — справа саміх сужэнцаў. Далёка не ўсім гэта ўдаецца, а вось сям’я Кавалёнкаў прайшла выпрабаванне на трываласць.
Наталля і Павел Кавалёнкі, жыхары вёскі Літоўцы, што ў Крулеўшчынскім сельсавеце, асаблівай міласці ад капрызнай фартуны ніколі не мелі. Наташа скончыла Полацкае СПТВ, у якім атрымала прафесію швачкі. Павел – выпускнік Лепельскага СПТВ, механізатар. Пакахалі адзін аднаго і даволі рана, асабліва па сённяшніх мерках, стварылі сям’ю: Наташы толькі споўнілася васямнаццаць. У хуткім часе нарадзіліся дзеткі – дачка Вераніка і сын Саша. А вось бацькі абоіх сужэнцаў рана пайшлі з жыцця, і на дапамогу маладой сям’і спадзявацца не прыходзілася. А яны і не спадзяваліся: разлічвалі толькі на свае сілы. Перыяд станаўлення прыпаў на “ліхія дзевяностыя”. Насуперак заезджанаму выслоўю, што сямейная лодка часта разбіваецца аб неўладкаваны быт, цяжкасці і праблемы толькі згуртавалі Кавалёнкаў, і з часам іх лодка ператварылася ў непатапляльны карабель.
Гаспадыня Наташа, прыгожая маладая жанчына, якая зусім не выглядае на свае гады і, напэўна, магла б сысці за старэйшую сястру 22-гадовай дачкі, ахвотна распавядае пра сямейныя дасягненні.
– Дом нам дастаўся ад бацькоў Паўла, – праводзіць “экскурсію” жанчына. – Вялікі па памеры, але ж планіроўку давялося мяняць. Мы яго рэканструявалі, “амаладзілі”. Увогуле, гэты працэс няспынны, працягваецца і зараз.
Сапраўды, у доме сучасная мэбля, бытавая тэхніка, ламінат, шклопакеты, камп’ютар. Паравое ацяпленне, вада падведзена нават у хлеў. А ў хляве… Як казаў знакаміты Астап Бэндэр, “держитесь за стулья, господа”: пяць кароў, восем свінак (маленькіх “в’етнамцаў” увогуле не злічыць, яны бегаюць па волі), прыгажуны гусі, пародзістыя куры, само сабою, сабака і кот – які ж вясковы панадворак без іх? І ўсё гэта рыкаючае, рохкаючае, кукарэкаючае і гергечучае насельніцтва такое дагледжанае, адкормленае, прыгожае! Дзе ж знаходзіць час, каб з усім спраўляцца?
– Догляд за жывёлай – наш агульны клопат, хаця Паўлу, напэўна, больш прыходзіцца каля яе тупаць, – усміхаецца Наташа. – Я ж працую сацыяльным работнікам, дык амаль увесь дзень праводжу ў сваіх падапечных. Іх у мяне восем, жывуць і ў Малажанях, і ў Слабадзе, і ў Скудзуцях. Дабірацца ў вёсачкі даводзіцца, у залежнасці ад пары года, або на скутары, або на аўтамабілі: пяць гадоў ужо, як маю правы.
Наталля таксама адзначае, што ўправіцца з такой гаспадаркай дапамагае “механізацыя”: кароў дояць апаратам, для нарыхтоўкі і дастаўкі сена, апрацоўкі немалой плошчы зямлі і догляду за пасевамі набылі трактар МТЗ з усімі неабходнымі прыстасаваннямі, уключаючы касілку і прэс. Гэта значна паскарае работу. А вось догляд за пчоламі (так-так, у Кавалёнкаў яшчэ і пасека – тры дзясяткі домікаў!) асабліва не механізуеш. У гэтай справе Паўлу дапамагае сын Саша, які працуе ў Глыбоцкім РАУС, але не забывае наведвацца дадому. І суседзі, сцвярджае Наташа, цудоўныя: у любы момант дапамогуць і словам, і справай. Вось так і жыве гэта дружная, моцная сям’я, і ніякія глабальныя перамены ёй не страшныя, бо ва ўсім працавітыя вяскоўцы прызвычаіліся спадзявацца на ўласныя сілы і ўзаемадапамогу.
Пасля сустрэчы з такімі людзьмі, як Наталля і Павел Кавалёнкі, заўсёды застаюцца цёплыя ўспаміны і ўзнікае жаданне працаваць, ствараць, будаваць планы.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Наталля Кавалёнак з адным са сваіх шматлікіх гадаванцаў.
Фота аўтара.