Очередной день Ситцевского сельсовета прошёл в Докшицком районе

IMG_0993Дзень Сітцаўскага сельсавета, які адбыўся ў панядзелак, завяршыў гадавы цыкл дадзенай формы работы ўлады з насельніцтвам. Гэта было другое мерапрыемства на працягу года, бо пасля правядзення  першага ў чэрвені дзейнасць Сітцаўскага сельвыканкама па навядзенні парадку на зямлі была прызнана недастатковай.  

За адведзены час з улікам заўваг і рэкамендацый, атрыманых напачатку лета, у населеных пунктах праведзена пэўная работа. У гэтым удзельнікі мерапрыемства маглі ўпэўніцца ў час прагляду відэафільма і аб’езду вёсак. У аграгарадку, нарэшце, з павесткі дня знята праблема, якая на працягу многіх год была галаўным болем мясцовай улады. За сродкі ДП “АграСітцы” адрамантавана каналізацыйная сістэма па вул. Маладзёжнай, якая абслугоўвала не толькі жылыя дамы, але і бліжэйшыя адміністрацыйныя будынкі, а таксама школу, аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых людзей. Рамонтам займаліся камунальнікі, якія і ўзялі сістэму на абслугоўванне.

У Сітцах разабраны чатыры трухлявыя пабудовы, дэманціравана 200 метраў старога плоту і ўстаноўлена 250 метраў новага. Але нават у аграгарадку яшчэ ёсць сядзібы з непрывабнымі пабудовамі, недагледжанымі садамі. Іх спадчыннікі атрымалі прадпісанне сельвыканкама, а некаторыя і не адно, аб неабходнасці навядзення парадку на бацькаўшчыне, але не спяшаюцца яго выконваць. Больш жорсткія меры прыняць у адносінах да іх нельга, бо юрыдычна спадчыннасць не аформлена. Падобных сядзіб у сельсавеце больш за дзясятак, і таму, як бы ні было, але выйсце з гэтай сітуацыі трэба шукаць.

За названы перыяд у населеных пунктах разабрана 31 трухлявая пабудова, закапана 10 падмуркаў, на плошчы 1,3 гектара высечаны старыя сады, амаль на 8 гектарах праведзены культуртэхнічныя работы. У вёсцы Макаравічы ўстаноўлены новы аўтобусны павільён. Справіцца з выкананнем пералічаных работ сельвыканкаму дапамаглі ПМС, ДП “АграСітцы”, Параф’янаўскае лясніцтва, райста, хлебазавод, РВЭС і іншыя арганізацыі. Найбольшы аб’ём работ выпаў на Новую Вёску. Знікненне больш за дзясятак трухлявых пабудоў і шасці падмуркаў, некаторыя з якіх спарадкавалі самі спадчыннікі, непазнавальна змяніла выгляд вёскі, пазбавіла яе запушчанасці. Следам “прайшлося” са сваёй тэхнікай ПМС, і пару гектараў ужо сёлета атрымалася ўключыць у агульны севазварот.
Праведзеная ў гэтым населеным пункце работа, лічыць старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук, сведчыць пра тое, што сельвыканкам разумее свае задачы, але ажыццяўляцца яны павінны больш хуткімі тэмпамі. Кіраўніку мясцовай улады І.Ч. Януковіч неабходна быць больш патрабавальнай да арганізацый і структур, у абавязкі якіх, сярод іншых, уваходзіць і навядзенне парадку на зямлі.

Магчымасць асабіста сустрэцца на прыёме са старшынёй райвыканкама скарыстала Л.С. Казлоўская, каб выказаць падзяку ўладам за газіфікацыю аграгарадка.

У час прыёму ў населеных пунктах, які праводзілі кіраўнікі службаў райвыканкама і раённых арганізацый, жыхары вёскі Старое Сяло папрасілі падсыпаць дарогу да мясцовых могілак, Дзядкоў – параўнаваць грэйдарам вуліцу Зялёную. Дзядкоўцы выказалі незадавальненне аўтакрамай, якая, здараецца, прыязджае са спазненнем. А жыхары Курдзек, наадварот, дзякавалі за добрае гандлёвае абслугоўванне. Л.І. Шылко з в. Параф’янава папрасіў пасадзейнічаць у рамонце дымахода.

Усе ўзнятыя вяскоўцамі пытанні будуць вывучаны і па меры неабходнасці вырашаны.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: парадак прыйшоў на зямлю Новай Вёскі.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *