У Александра Закревского основательный подход к каждому делу
Аляксандр Закрэўскі, механізатар ААТ “Барсучанка” (на здымку), з самага маленства чалавек сур’ёзны і паслядоўны ў сваіх дзеяннях.
Ураджэнец Шуневіч, што на Глыбоччыне, хлопец пасля заканчэння школы паступіў у Глыбоцкі ліцэй, дзе атрымаў жаданую спецыяльнасць механізатара: з малых гадоў яго цягнула да тэхнікі. Затым была служба ў арміі. Аляксандр лічыў, што аддаць доўг Радзіме – абавязак сапраўднага мужчыны. Трапіў у дэсантнікі, чым быў вельмі задаволены: менавіта гэты род войск і загартоўвае характар, і развівае фізічную вынослівасць. Дома ж засталася чакаць каханая дзяўчына. Аляксандр адразу ж праявіў сябе, у хуткім часе атрымаў водпуск за выдатную службу і скарыстаў гэтыя дні для таго, каб уступіць у шлюб. Так надзейней, слушна палічыў наш герой.
У Докшыцкім раёне Аляксандр Закрэўскі жыве і працуе ўжо дзясяты год пасля пераезду ў Порплішча адразу ж пасля дэмабілізацыі.
Маладая сям’я атрымала дом, абзавялася гаспадаркай, аўтамабілем. Адна за адной нарадзіліся тры дачушкі, старэйшай ужо 10 гадоў. Надзейны тыл забяспечаны, таму, мабыць, ёсць і выдатныя працоўныя вынікі. Ужо тры гады запар механізатар выходзіць пераможцам раённага спаборніцтва сярод маладых экіпажаў камбайнераў, занятых на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. Сёлета Аляксандр Закрэўскі і Вадзім Сіўцэвіч на камбайне КЗС-1218 намалацілі 1107 тон зерня і занялі ганаровае трэцяе месца ў раёне. Гэта ўжо шосты сезон працы на збожжаўборцы. Пасля яго заканчэння механізатар шчыруе на энерганасычаным МТЗ-3022.
У свае 29 гадоў Аляксандар мае неацэнны вопыт, моцную сям’ю, дом, поспехі ў працы, павагу ў калектыве. У ААТ “Барсучанка” ведаюць: калі малады Закрэўскі ўзяўся за справу, то не падвядзе ніколі. Таму і дэпутатам ад сельскага Савета быў выбраны, часта дапамагае людзям пенсійнага ўзросту з апрацоўкай зямельных участкаў, вырашае іншыя пытанні. Як заўсёды, надзейна і грунтоўна.
Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.