В День инвалидов в районной детской библиотеке прошло мероприятие в рамках акции «Мы — вместе!»
У Дзень інвалідаў раённая дзіцячая бібліятэка сумесна з раённым Цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў межах акцыі “Мы – разам!” правялі цікавае мерапрыемства, падчас якога вучні пятых класаў СШ № 2 г. Докшыцы праз конкурсы і заданні змаглі на сабе адчуць, як нялёгка прыходзіцца людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў жыцці.
– Як спраўляюцца з цяжкасцямі невідушчыя? – пыталіся ў дзяцей работнікі карэкцыйнага цэнтра Аксана Дулінец і Святлана Глушонак. Каб лепш гэта ўявіць, хлопчыкі і дзяўчынкі з завязанымі на вачах шалікамі спрабавалі маляваць трохпавярховы будынак, але выходзіла нешта незразумелае. Нічога не бачачы, дзецям было цяжка прайсціся па пакоі і павярнуцца ў той ці іншы бок: яны нават пераблыталі, дзе права і лева. Выклікалі нязручнасці і спробы закінуць пацеркі ў бутэльку ці нанізаць іх на матузок з пальчаткамі на руках. Не змаглі ўдзельнікі конкурсаў пачуць і разабраць словы верша праз гоман і шум. І кожны раз дзеці прыходзілі да высновы, што пры выкананні задання вельмі хацелася, каб ім хто-небудзь дапамог. Таму пяцікласнікі ўважліва слухалі расказ пра тое, як людзі з асаблівасцямі развіцця адаптуюцца ў звычайным жыцці. Створаны тэатры для глуханямых, праводзяцца спецыяльныя спартыўныя спаборніцтвы – параалімпійскія гульні. Хлопчыкі і дзяўчынкі разам з загадчыцай дзіцячай бібліятэкі Аленай Гудзь успомнілі вядомых асоб, якія даказалі ўсяму свету, што іх дыягназ – гэта не прыгавор. Але, каб стаць тым, кім яны сталі, трэба было шмат вучыцца. Дзецям наглядна прадэманстравалі азбуку Брайля для сляпых і нават далі напісаць літары і лічбы на спецыяльных прыстасаваннях (на здымку). Школьнікі з цікаўнасцю разглядалі кнігі з рэльефна-кропкавым тактыльным шрыфтам, у якіх былі не толькі тэксты, але і малюнкі. Акрамя тактыльнай азбукі, слабыя слыхам і глухія вучаць мову жэстаў, пагутарыць на якой і паспрабавалі хлопчыкі і дзяўчынкі, склаўшы са сваіх пальчыкаў спачатку некаторыя літары, а потым і словы “мама”, “тата”, “дзякуй”.
На мерапрыемстве не змаглі папрысутнічаць дзеці-інваліды, якія наведваюць Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, але знаёмства з імі адбылося ў час відэа-прэзентацыі. Шчасця, здароўя, усмешак, сяброў, дабра, любові жадалі юныя ўдзельнікі мерапрыемства выхаванцам карэкцыйнага цэнтра, калі пісалі прывітанні на папяровых сэрцайках і перадавалі падарункі. Шмат прыемных слоў пакінулі дзеці і ў кнізе пажаданняў.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.