Водитель ОАО «Барсучанка» работает не ради славы
Вадзіцель ААТ “Барсучанка” Іван Аляхновіч за сваё працоўнае жыццё не раз быў героем публікацый на старонках раённай газеты (на здымку). 2015-ы год для яго — не выключэнне.
Сёлета ён стаў прызёрам раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўлялі перавозку зерня ад камбайнаў. Іван Феліксавіч на аўтамабілі МАЗ перавёз з поля 2085 тон умоўнага зерня і заняў ганаровае трэцяе месца. Варта адзначыць, што прызавыя месцы ў спаборніцтве ён займае ўжо адзінаццаты год запар, пачынаючы з 2005 года, і гэта не выпадковасць, бо працавітасць, стараннасць, адказнасць за даручаную справу – адметныя рысы гэтага чалавека.
Працоўны стаж Івана Аляхновіча – 33 гады. У 1980-м скончыў Пастаўскае СПТВ. Мае пасведчанні аўтаслесара, электрыка, трактарыста і вадзіцеля (дарэчы, усе катэгорыі). У наш раён прыехаў у хуткім часе пасля жаніцьбы, бо тут вырашалася пытанне з жыллём для маладой сям’і. Працаваць пачынаў на ГАЗ-53, затым 14 гадоў быў за рулём калгаснага аўтобуса, зараз у яго распараджэнні МАЗ. Любая тэхніка дзякуючы яго ўмелым рукам знаходзіцца ў выдатным стане. Іван Феліксавіч не церпіць халатнасці, неакуратнасці і моцна не любіць гультаёў, якім абы адбыць дзень да вечара. Сам усёй душой перажывае за справу і з абавязкамі сваімі спраўляецца бездакорна. Не дзеля славы, не дзеля ўзнагарод – проста інакш не можа.
– А без працы ў вёсцы што будзеш мець? – разважае суразмоўца. – У мяне і дома гаспадарка, як належыць вяскоўцу: карова, свінні, куры, агароды… Калі дзеці былі студэнтамі, тры каровы мелі – значная падтрымка. Нялёгка, вядома, усюды ўпраўляцца, але ж сядзець склаўшы рукі, чакаць манны нябеснай і скардзіцца на нялёгкую долю – гэта не для мяне. Калі мой вопыт, мае ўменні будуць патрэбны гаспадарцы і дазволіць здароўе – яшчэ папрацую.
Няхай жа здароўе не падводзіць Івана Феліксавіча, а ў тым, што работнік ён запатрабаваны і будзе такім заставацца ў далейшым, няма ніякіх сумненняў.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага.