Наталья Земчёнок нашла свою профессию с третьего подхода

DSC00532Шлях у страхавыя агенты адкрыты кожнаму, але дасягаюць вяршынь у ім лепшыя. Такія, напрыклад, як Наталля Зямчонак. Летась яе працоўныя дасягненні Белдзяржстрах адзначыў Удзячнасцю. Страхагент заключыла 1400 дагавораў, з іх 961 – па добраахвотных відах страхавання. Сабрала 397 762 тысячы рублёў узносаў. Тэмп росту да папярэдняга года склаў 129 працэнтаў.

Пра тое, што сабой уяўляе сучасны страхавы агент, наша размова з Наталляй Зямчонак.

– Наталля Іосіфаўна, як вы апынуліся ў гэтай сістэме?

– Выпадкова. Прывяла сюды літаральна за руку мая сяброўка Галіна Каляга, дарэчы, сёння адзін з лепшых нашых работнікаў. Было гэта зусім нядаўна, крыху больш за тры гады. Дагэтуль я працяглы час працавала ў Бягомльскай СШ лабарантам, а яшчэ раней, адразу пасля заканчэння школы, паехала вучыцца ў Віцебск на абутніка. Закончыла вучылішча, папрацавала на фабрыцы тры месяцы і ўцякла. Не маё гэта.

– Што тады для вас значыць сённяшняя прафесія, у якой за вельмі кароткі тэрмін паспелі заявіць пра сябе?

– Страхавальнік – гэта мая справа. Люблю працаваць з людзьмі, хоць не так гэта і проста, затое цікава. У маёй зоне абслугоўвання частка Бягомля, аграгарадок Пруднікі і некалькі вёсак сельсавета. У гарпасёлку працаваць з кліентамі для мяне, пачынальніка, было проста. Усе людзі мяне ведаюць, а значыць, давяраюць. А як паехала па вёсках… Дакладней, першыя паўгода я хадзіла пешшу або пад’язджала на спадарожным транспарце. Хацелася разведаць усё самой: і вёскі, і дарогі да іх. Потым ужо задзейнічала асабісты аўтамабіль, якім даўно кірую сама. З людзьмі было складаней. Бабулі глядзелі недаверліва і прыводзілі ў прыклад выпадкі, калі дзесьці камусьці нічога не выплацілі, а яшчэ спасылаліся на дрэннае самаадчуванне, якое не дазволіць у выпадку чаго дабрацца ім да райцэнтра, каб аформіць неабходныя паперы. Не шкадуючы часу гутарыла з такімі песімістамі, тлумачыла, што нікуды не трэба ехаць нават у выпадку няшчасця. Дзяржстрах у маёй асобе сам прыедзе да кліента, якому толькі трэба будзе напісаць заяву. Зараз мы сябруем. Праўда, часам даводзіцца ў адной хаце затрымлівацца па гадзіне, а то і больш. Але ж маім адзінокім пажылым кліентам часта бывае па некалькі дзён няма з кім і словам перакінуцца. Вось і выслухваю розныя жыццёвыя гісторыі, знаёмлюся завочна з дзецьмі і ўнукамі, захапляюся іх поспехамі і ўдачамі. Бывае, што снег раскапаю ў двары, дроў прынясу. Бабулям падмога, а мне хораша на сэрцы ад іх шчырай падзякі.

– Ці можаце расказаць якую цікавую гісторыю з прафесійнага жыцця?

– Стаж у мяне, канечне, невялікі, але сёе-тое прыгадаць можна. У адной вёсцы ў кліенткі сарвала дах з хлява. Я сфатаграфавала, дакументы аформіла. Пажылая кабета атрымала належныя ёй выплаты. Праходзіць колькі часу, і зноў яна мяне выклікае. Прыязджаю, жанчына паказвае хлеў без даху і кажа, што толькі адрамантавала, а бура зноў сарвала. Я прыгледзелася і бачу, што гэта той самы дах, дакладней, яго адсутнасць. Мінулае фота поўнасцю пацвердзіла мае падазрэнні. Потым бабуля прызналася, што сапраўды хацела за адзін выпадак атрымаць дзве выплаты.

У Бягомлі ж, наадварот, летам гаспадары накрылі дом новым шыферам, грошы затрацілі, канечне, немалыя. У снежні бура яго амаль поўнасцю знішчыла. Калі людзі атрымалі кампенсацыю, то былі вельмі ўдзячны.

– Што для вас сёння значыць ваш калектыў?

– Гэта маё жыццё. Я вельмі ўдзячна калегам за той цёплы прыём, які атрымала ў першы ж дзень, калі прыйшла на працу. Цэлы месяц была ў жаху і думала, што ніколі не навучуся рабіць патрэбныя разлікі. Навучылася, дзякуючы штодзённай цярплівай дапамозе ўсіх, да каго звярталася. Удзячна Віктару Мікалаевічу Жакаўку за падтрымку, за тое, што ён не дае расслабляцца калектыву, дбае пра заработную плату, клапоціцца пра ўмовы працы.

Ганаруся тым, што працую ў Белдзяржстраху. Жадаю ўсім любіць сваю работу, цаніць тое, што ёсць, паважаць кліентаў і калег.

Гутарыла
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: страхагент Н.І. Зямчонак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *