Докшицкая семенная инспекция работает на новый урожай

Изображение 309“Ад дрэннага семя не чакай добрага племя”, – кажуць у народзе. Можна належным чынам падрыхтаваць глебу да сяўбы, унесці арганіку і мінеральныя ўдабрэнні, але, пасеяўшы няякаснае насенне, добрага ўраджаю чакаць не прыходзіцца. Менавіта раённая дзяржінспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін дбае пра якасны насенны матэрыял. Ён правяраецца на кандыцыйнасць, у тым ліку, на чысціню, усходжасць і вільготнасць. Насенняводы займаюцца своечасовым выяўленнем лакалізацыі небяспечных шкоднікаў, хвароб раслін і пустазелля, якія могуць нанесці эканамічную шкоду, аналізам якасці і астаткавай колькасці пестыцыдаў, нітратаў і радыёнуклідаў у прадукцыі раслінаводства. Установа таксама рэгулюе дзейнасць юрыдычных і фізічных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца вытворчасцю, нарыхтоўкай, рэалізацыяй насення, раслін, прадукцыі расліннага паходжання.

У 2015 годзе праведзена адміністрацыйных працэдур на суму 257 мільёнаў рублёў. Найбольш часта ўстанова займалася выдачай фітасанітарных сертыфікатаў на экспартную прадукцыю. Так, у дастаткова вялікіх аб’ёмах у нас закупляецца торф. Ён экспартуецца ў Расію, Малдову, Украіну, Азербайджан, Турцыю, Італію, Балгарыю, ААЭ. Безумоўна, месцы яго нарыхтоўкі папярэдне правяраюцца на адсутнасць каранціннага пустазелля і бульбяной нематоды. Ідзе на экспарт і лес – у асноўным, яго рэалізуе Бягомльскі лясгас, – і піламатэрыялы. Расія актыўна закупляе сеянцы елачак, а Швецыя – насенне елкі і сасны.

Зараз вядуцца актыўныя работы па праверцы насеннага матэрыялу на пасяўныя якасці.

– Яравыя культуры правераны поўнасцю, гаспадаркам раёна выдадзены дакументы, якія пацвярджаюць якасць насення, – распавядае начальнік насеннай інспекцыі Ірына Бядарык. – Увогуле ў гаспадарках раёна засыпана насення яравых культур 112,9 тоны, бабовых – 42,5 тоны. ДП “Гняздзілава-Агра” не мае насення зернебабовых (гароху, лубіну), а, як вядома, гэтыя расліны даюць каштоўны бялок і накапляюць азот у глебе для далейшага сілкавання наступных культур. Колькасць засыпанага насення зернебабовых у астатніх гаспадарках – 300 тон. А вось насенне шматгадовых траў паступіла на праверку толькі з дзвюх гаспадарак: з СГФ “Бягомльскі” і з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. У першай маецца кандыцыйнага насення 147 працэнтаў да патрэбнасці, у другой – 69 працэнтаў: яшчэ не правераны бабовыя. А між тым абласным камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні даведзены тэрмін завяршэння ачысткі і праверкі насення – гэту работу неабходна выканаць да 5 сакавіка.
Ірына Генадзеўна зазначае, што кожны год гаспадаркі павышаюць рэпрадукцыйны склад за кошт элітнага насення. У мінулым годзе было завезена 175 тон насення яравых культур. У бягучым плануецца завезці 200 тон насення яравых і 220 тон азімых культур.

Не за гарамі пачатак вясенне-палявых работ, і таму невялікі згуртаваны калектыў дзяржнасенінспекцыі працуе, як кажуць, не пакладаючы рук. Інакш нельга: будучы ўраджай залежыць таксама і ад яго работы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: праверкай торфу на выяўленне бульбяной нематоды для выдачы сертыфікату ў Турцыю займаецца Ірына Бядарык.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *