Докшицкий филиал РУП «Витебскоблтопливо» ищет покупателей на свою продукцию

DSC00627Яшчэ некалькі гадоў таму набыць паліва было галаўным болем для вяскоўцаў. Сёлета Докшыцкі філіял РУП “Віцебскаблпаліва” сам актыўна шукае пакупнікоў.

– Таму прычын некалькі, – тлумачыць сітуацыю дырэктар філіяла Мікалай Шульгат. – У дамы прыйшла газіфікацыя, і ў сувязі з гэтым даволі шмат спажыўцоў страчана ў Докшыцах, Бягомлі, Крулеўшчыне. На рынку збыту паліва паспяхова працуюць і нашы канкурэнты ў выглядзе прыватнікаў. Але ж і мы, як кажуць, не спім у шапку, а робім захады, каб прыцягнуць увагу да паслуг, якія прадастаўляе наша прадпрыемства.

Летась такіх паслуг аказана на 1102 мільёны рублёў. Тэмп росту да папярэдняга году склаў 121 працэнт. Дроў рэалізавана 8140 кубічных метраў. Гэтым відам паліва забяспечылі больш за 1600 чалавек. Брыкету, у асноўным насельніцтву, прададзена 2378 тон. Ад усіх відаў дзейнасці атрымалі 5156 мільёнаў рублёў.

Сёлета пры норме водпуску на адно домаўладанне адзін метр двухметровых дроў каштуе 86 тысяч рублёў, у выглядзе цурак – 152 тысячы рублёў, за шчапаныя трэба будзе заплаціць 211 тысяч рублёў. Гэта без уліку транспартных паслуг. Калі з імі, то, напрыклад, прычэп шчапаных дроў з дастаўкай у населены пункт адлегласцю ад Параф’янава 12 кіламетраў будзе каштаваць 1409 тысяч рублёў. Тона брыкету пры норме водпуску 3,5 тоны каштуе 1192 тысячы рублёў. Для інвалідаў I-й і II-й груп ёсць зніжкі на 50 працэнтаў.

Каб зрабіць таннейшым кошт паслуг, прадпрыемства працягвае ствараць склады дроў у населеных пунктах. Да арганізаваных летась у Вітунічах, Бягомлі, Бярозках, Беразіно, Замасточчы сёлета далучылі ў Тумілавічах, Крулеўшчыне, Маставусе. Гэта значыць, што зараз Бягомльскі лясгас не вязе ўсю драўніну ў Параф’янава, як раней, а развозіць яе па складах. Адтуль ужо да спажыўцоў рукой падаць. Падобная прадуманая арганізацыя дазваляе істотна скараціць транспартныя расходы і зрабіць больш таннай для насельніцтва цану гэтага віду паліва.

Дырэктар сцвярджае, што прадпрыемства ў стане выканаць заказ на паліва на працягу 1-2-х сутак. Для гэтага таму, хто хоча купіць дровы або брыкет, дастаткова патэлефанаваць па нумары 3-47-17. Загадчыца склада Маргарыта Забароўская прыме заказ, і, з улікам пажаданняў заказчыка наконт часу дастаўкі, ён будзе выкананы.

На дастаўцы паліва насельніцтву працуюць вадзіцелі Часлаў Шавардак, Уладзімір Станкевіч, трактарысты Казімір Вайцяховіч і Уладзімір Дударонак. Яны ж бяруць аплату за дастаўлены груз.

На распілоўцы дроў працуе брыгада Мар’яна Яхімовіча. На нашым здымку вы бачыце за працай двух Сяргеяў: Лакуцэвіча і Альхімёнка. Яшчэ ў ёй значыцца Антон Цяліца. Усе яны дысцыплінаваныя, добрасумленныя працаўнікі, якія добра ведаюць справу і даражаць сваім месцам працы.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *