Какие услуги предлагает Докшицкий Белтелеком
Адным з галоўных індыкатараў поспеху раённага вузла электрычнай сувязі з’яўляецца рост колькасці абанентаў. Так, за 2015 год больш за 6 000 дакшычан падключылі інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA, на 5 200 чалавек узрасла колькасць карыстальнікаў ByFly. Якія новыя паслугі прапануе ў гэтым годзе Белтэлекам, пра гэта наша інтэрв’ю са спецыялістам па маркетынгу тэлекамунікацыйных паслуг Віктарам Шаўцовым.
– Віктар Васільевіч, ці змянілася што-небудзь у схеме падключэння паслуг Белтэлекама?
– Як і раней, для таго, каб стаць карыстальнікам інтэрактыўнага тэлебачання, дастаткова быць абанентам тэлефоннай сеткі і звярнуцца ў сэрвісную службу. Там, у час афармлення дагавору, выбіраеце патрэбны ТБ-пакет, які будзе змяшчаць у сабе тыя праграмы і каналы, якія вам падабаюцца. Напрыклад, базавы пакет – гэта больш за 60 каналаў. Калі вам гэтага недастаткова – падключыце дадатковыя. Зрабіць гэта можна як у сэрвісным цэнтры, так і ў асабістым кабінеце карыстальніка на сайце. Дарэчы, неабходнае абсталяванне пры падключэнні даецца ў арэнду бясплатна.
– Ці можна падключыць інтэрактыўнае тэлебачанне, калі няма тэлефоннай сувязі?
– Можна. Для гэтага існуе эфірнае ZALA. Яе карыстальнікамі ў мінулым годзе стала больш за 700 чалавек. Акрамя адсутнасці тэлефона, падставай для эфірнага ТБ можа стаць аддаленасць населенага пункта ад вузла перадачы дадзеных. Існуюць абаненты, у якіх падключана правадная ZALA, але гэтага мала (напрыклад у гасцініцах). Каб глядзець ТБ у кожным пакоі, падключаюць дадаткова эфірную.
– Якія перавагі мае інтэрактыўнае тэлебачанне?
– Калі аналагавае (звычайнае) прымушае падстройвацца да сеткі вяшчання, то ZALA дазваляе глядзець любую перадачу ці фільм у зручны для абанента час. Для гэтага можна скарыстацца паслугай перамоткі. Акрамя гэтага, ёсць і іншыя дадатковыя сэрвісы: пастаноўка на паўзу тэлеперадач, іх запіс.
– Якія новыя паслугі прапануе сёлета Белтэлекам?
– Да 31 сакавіка ў нас праходзіць акцыя “Усё ўключана”. Скарыстацца яе магчымасцямі могуць як новыя абаненты, так і тыя, што існуюць. У ТБ-пакет уваходзіць 90 каналаў рознай тэматыкі (дзіцячыя, спартыўныя, фільмавыя, пазнавальныя і інш.), а на абаненцкую плату прадстаўляецца зніжка ў 20 працэнтаў на ўвесь год. Яшчэ адна навінка – смарт-ZALA. Яе абаненты праз Інтэрнэт могуць глядзець ТБ-праграмы на любым мабільным устройстве. У раёне ідзе развіццё бесправаднога доступу да сеткі Wi-Fi. Гэтай паслугай вельмі часта карыстаюцца прыезджыя і адпачывальнікі. Такія кропкі ёсць ужо ў нашым сэрвісным цэнтры, на аўтавакзале ў Бягомлі і гандлёвым цэнтры “Мерыдыян”.
– Найважнейшым пытаннем для абанентаў з’яўляецца якасць сэрвісных паслуг.
– Якасць эфірнага тэлебачання забяспечваюць дзве вышкі, якія перадаюць сігнал. Да таго ж частку Докшыцкага раёна пакрывае Ушачская вышка, што таксама з’яўляецца плюсам для карыстальнікаў ZALA. Да канца 2017 года ў планах РВЭС завяршыць замену меднага кабелю на валаконна-аптычны ў шматпавярховых дамах, які гарантуе яшчэ больш высокую якасць сувязі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.