Тамара Сецко из Бегомльского лесничества продолжила династию
Умоўнае дзяленне людзей на тых, хто мае матэматычны ці гуманітарны склад мыслення, часта ўплывае на выбар іх прафесіі.
Бухгалтар Бягомльскага лясніцтва Тамара Сяцко з самага дзяцінства адносіла сябе да першай катэгорыі. У школе яна больш любіла дакладныя навукі, ды і яны паддаваліся кемлівай вучаніцы. Пасля васьмі класаў дзяўчына з невялікай вёскі Гарадзёнка, што на Бягомльшчыне, пайшла вучыцца на бухгалтара ў Полацкі тэхнікум, потым без асаблівых цяжкасцей паступіла на эканамічны факультэт сельгасакадэміі ў Горках. Працаваць уладкавалася па спецыяльнасці ў Бягомльскі саўгас. Больш за дваццаць гадоў аддала яму на пасадзе галоўнага эканаміста. Гэта потым прыйшло ўменне аналізаваць, планаваць і бачыць за лічбамі перспектыву. А напачатку ўсяго хапала. Праўда, Тамара Пятроўна не скардзіцца на адсутнасць дапамогі старэйшых калег. З цеплынёй яна згадвае былога эканаміста гаспадаркі Галіну Герасімёнак, да якой, не баючыся, бегла па параду ў любы час. Галіна Іосіфаўна, бы тая маці, апякала маладую супрацоўніцу і не шкадавала дзяліцца ведамі.
Так бы можа і працавала Тамара Пятроўна на гэтым месцы, аднак лёс даў магчымасць паспрабаваць сябе ў іншай сферы – лясной гаспадарцы. Калі Бягомльскаму лясніцтву спатрэбіўся бухгалтар, яе паклікалі на працу. Тамара Сяцко вагалася: з аднаго боку стаж, вопыт і веды на старым месцы, з другога – іншы калектыў, абавязкі і магчымасць выпрабаваць сябе. Зрабіць канчатковы выбар дапамаглі самыя блізкія людзі. Яе тата доўгі час працаваў у лясгасе, сястра з мужам не першы год у арганізацыі. “Трэба працягваць дынастыю”, – супраць гэтай высновы Тамара Пятроўна не знайшла аргументаў.
З таго часу пайшоў пятнаццаты год. Шмат чаго змянілася. Напачатку, як і ўсе бухгалтары “старой школы”, яна баялася нават падысці да камп’ютара, аднак час уносіў свае карэктывы і патрабаванні. Пакрыху асвоіла разумную машыну. “Трэба — значыць, трэба”, – так думала заўжды, калі даводзілася брацца за новую справу. Потым прадпрыемства перайшло на аўтаматызаваны бухгалтарскі ўлік – 1 С. І ўсе падраздзяленні паступова ўкаранілі праграму, перанеслі туды дадзеныя.
Увогуле, бухгалтар у лясніцтве – гэта ўніверсальны спецыяліст. Ён вядзе касу, кадравую работу, рыхтуе шматлікія справаздачы. І з гэтым вопытная, адказная Тамара Пятроўна спраўляецца выдатна. Праўда, вылучае тых, хто з першых дзён дапамагаў разабрацца ў новым пашыраным коле абавязкаў. Ніколі не адмаўляла ў дапамозе калега з Замастоцкага лясніцтва Надзея Адамовіч, мудрыя парады дае галоўны бухгалтар прадпрыемства Галіна Аўтушка.
Напрыканцы сустрэчы Тамара Сяцко зазначае:
– Гэта не высокія словы. Пра выбар, што зрабіла, не шкадую. А дынастыя працягваецца. Мой пляменнік скончыў профільны тэхналагічны ўніверсітэт і таксама зараз працуе ў Бягомльскім лясгасе.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.