Встреча с воинами-интернационалистами прошла в Тумиловичской СШ Докшицкого района

DSCN1750

Кветкі ветэранам-афганцам.

Кветкі ветэранам-афганцам.

У Тумілавіцкай сярэдняй школе днямі адбылася сустрэча з афганцамі, падчас якой вучні зрабілі невялікі экскурс у той час, калі ішла дзесяцігадовая вайна ў Афганістане. Падобныя мерапрыемствы па традыцыі праходзяць напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў ва ўстановах адукацыі раёна. Штогод іх арганізоўвае старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валянцін Андрыеўскі, які першым у нашым раёне пасля выканання інтэрнацыянальнага доўгу вярнуўся дадому з ордэнам Чырвонай Зоркі.
Гэту ўзнагароду, толькі пасмяротна, атрымаў і наш зямляк Генадзь Васюковіч з вёскі Чарніца 2-я Бярэзінскага сельсавета. У армію хлопец прызываўся Полацкім РВК, а пахаваны ў Оршы. Яшчэ адна ўраджэнка нашага раёна Галіна Стральчонак з г.п. Бягомль прымала ўдзел у баявых дзеяннях. Усё сваё кароткае жыццё яна пражывала ў іншых мясцінах, а пахавана ў Барысаўскім раёне. Пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі. Памяць усіх, хто не вярнуўся з той далёкай вайны, была ўшанавана хвілінай маўчання.

Пачэснае месца на сустрэчы было адведзена непасрэдна ўдзельнікам канфлікту ў Афганістане, якія з годнасцю выконвалі свой воінскі абавязак. Гэта Валянцін Андрыеўскі, Валерый Гмырак, Анатолій Парцянка, Андрэй Лескін і Віктар Хілько. Мужчыны з болем у душы гаварылі пра былое, дзяліліся ўспамінамі. Сёння яны свята захоўваюць сваё воінскае братэрства, падтрымліваюць адзін аднаго, сумленна працуюць, а таксама ўдзельнічаюць у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі.

Для ветэранаў-афганцаў школьнікі падрыхтавалі праграму з вершамі і песнямі, у якіх расказвалася пра моц духа і мужнасць салдатаў. Завяршальным акордам мерапрыемства сталі словы ўдзячнасці гасцям пад знакамітую музычную кампазіцыю “Сінява”.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *