Правильный путь выбрала для себя методист из Докшицкого отдела образования

роно 006Больш за тры дзесяцігоддзі мінула з тае пары, як выпускніца Віцебскага педінстытута імя Кірава, новаспечаная выкладчыца хіміі і біялогіі Людміла Радзько (на здымку) з хваляваннем пераступіла парог Бераснёўскай базавай школы. Як прыме калектыў? Ці ўдасца знайсці паразуменне з дзецьмі? Ці атрымаецца прымяніць атрыманыя веды і навыкі на практыцы? Гэтыя і многія іншыя пытанні задавала сабе малады педагог. Пройдзе пэўны час – і яна з палёгкай і радасцю канстатуе: атрымліваецца, правільны шлях выбрала!

Так склалася, што несці адказнасць не толькі за сябе, але і за сваіх калег яна пачала з першых працоўных дзён: пасада намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце – а ў Бераснёўцы Людміла Францаўна стала працаваць завучам – патрабуе гэтага. Спраўлялася, абвяргаючы меркаванні, што для такой пасады неабходны вопыт.

У 1985 годзе Людміла Францаўна спрабуе сябе ў новай якасці – становіцца метадыстам у аддзеле адукацыі, ідзе працаваць, як сама жартуе, “пад крыло” да Ванды Іосіфаўны Сяліцкай. А з 1998 года ўзначальвае метадычны кабінет і на гэтай пасадзе шчыруе і сёння. Бліскучыя веды, сумленнасць, адказнасць і шматгадовы вопыт – усё гэта ў сукупнасці не можа не даваць станоўчых вынікаў у рабоце. Сярод шматлікіх узнагарод метадыста – Грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Грамата Упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, граматы і падзякі раённага выканаўчага камітэта. Але ўсё ж такі галоўная ўзнагарода – любоў і павага калег: як работнікаў аддзела адукацыі, так і педагогаў школ раёна. У найбольшай ступені – за спалучэнне патрабавальнасці, акуратнасці, кампетэнтнасці, заўсёднай гатоўнасці прыйсці на дапамогу з інтэлігентнасцю, разважлівасцю, чалавечнасцю, памяркоўнасцю, уменнем выслухаць і вырашыць праблему аптымальным шляхам. Па словах Людмілы Францаўны, калі маецца вялікі вопыт, асаблівых цяжкасцей у рабоце няма. У адказ на пытанне, што найбольш радуе на працы, яна ўсміхаецца:

– Што можа радаваць метадыста? Вядома ж, наведванне цікавых і ўдалых урокаў з прымяненнем розных метадаў і тэхналогій. Прысутнасць на метадычных аб’яднаннях, дзе кожны настаўнік адкрывае новыя грані свайго таленту. Вельмі радуюся добрым вынікам алімпіяд і экзаменаў, паступленню нашых вучняў у ВНУ.

Даўно ўжо гарадская жыхарка, Людміла Францаўна па-ранейшаму моцна прывязана да зямлі. У выхадныя спяшаецца ў родную вёсачку Лісавічы, дзе бацькоўская хата, дзе пасаджаны яе рукамі малады сад, дзе, як у кожнай вясковай гаспадыні, дагледжаныя градкі: гародніна, ягады і, вядома ж, кветкі. Яна спрытна ўпраўляецца і з матыкай, і з рыдлёўкай, і з касой. І, што самае галоўнае, атрымлівае задавальненне ад адвечнай сялянскай працы. А яшчэ адно моцнае захапленне жанчыны – “ціхае паляванне”. Зімовымі ж вечарамі Людміла Радзько любіць пасядзець з добрай кнігай ці вязаннем. І ўсе гэтыя захапленні самым найлепшым чынам пасуюць ёй, так бы мовіць, дапаўняюць партрэт, ні на кропельку не парушаючы яго цэласнасці.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *