Счастливая судьба связиста Вячеслава Ходоровича из деревни Порплище Докшицкого района
Гэтымі днямі 90-гадовы юбілей адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, жыхар вёскі Порплішча Вячаслаў Іванавіч Хадаровіч.
Васямнаццацігадовы юнак быў мабілізаваны ў 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трапіў спачатку ў вучэбку ў Калодзішчы, што пад Мінскам. Ужо ў верасні прыняў прысягу ў 1-ым артылерыйскім вучэбным палку і быў накіраваны на фронт, у польскую Лодзь. Ваенная спецыяльнасць Вячаслава – лінейны наладчык сувязі.
– Войскі сувязі прарыўныя, – успамінае ветэран. – Гэта значыць, што наша асноўная задача – прарваць фронт у вызначаным месцы, забяспечыць сувязь для войскаў, што ішлі за намі, – артылерыстаў, пехацінцаў. Калі хтосьці скажа, што не страшна было ў самы разгар бою, пад кулямі і снарадамі, у той час, як астатнія мелі прыкрыццё – акопы, злучаць перабітую сувязь, значыць, ён ілжэ. Бывалі выпадкі, калі немцы спецыяльна пераразалі кабель, хаваліся ў засадзе і хапалі сувязіста як “языка”. Гэтага мы баяліся больш, чым смерці.
Шмат выпрабаванняў выпала на долю юнага сувязіста. Вячаслаў прымаў удзел у фарсіраванні Віслы і Одэра, ваяваў у Познані, Варшаве і Берліне. Аб тым, якую мужнасць ён праявіў у гэтых баях, сведчаць шматлікія ўзнагароды. Гэта і чатыры падзякі ад імя Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза І. Сталіна, і ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені, і медалі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”. На яшчэ адзін медаль – “За адвагу” – было падрыхтавана прадстаўленне, але камандзір часці, які яго выпісаў, не паспеў падаць дакумент у штаб, быў цяжка паранены, і важная папера дзесьці згубілася. Сам жа Вячаслаў Іванавіч прайшоў праз пекла вайны без раненняў, толькі атрымаў кантузію падчас фарсіравання Одэра. Ветэран перакананы, што ад смерці і калецтва яго ўбераглі абразік Божай Маці і напісаная ад рукі малітва, дадзеныя з дому перад мабілізацыяй. Ён увесь час насіў гэтыя святыя рэчы ў левай нагруднай кішэні, каля сэрца. Яны і зараз знаходзяцца ў святочным, з узнагародамі, пінжаку ветэрана.
Адгрымела вайна, але дадому Вячаслаў Хадаровіч вярнуўся толькі ў маі 1950-га. Яшчэ пяць гадоў знаходзіўся на службе ў далёкім Мурманску. Мірнае пасляваеннае жыццё было напоўнена звыклымі чалавечымі радасцямі, трывогамі, надзеямі, клопатамі і ўпэўненасцю: галоўнае, што вайна скончылася, а ўсё астатняе можна пераадолець.
Вячаслаў у родных мясцінах сустрэў сваё каханне, сваю верную спадарожніцу на ўсё жыццё: з жонкай Галінай Аляксандраўнай яны разам ужо 62 гады. Нарадзіліся двое дзетак. Былы салдат вельмі доўга працаваў брыгадзірам на ферме “Грабучае”, а ў апошнія гады перад выхадам на заслужаны адпачынак, – тэхнікам-асемянатарам. Яго працоўныя заслугі былі адзначаны граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі, ордэнам “Знак пашаны”, шматлікімі ўзнагародамі раённага ўзроўню. Некалькі скліканняў Вячаслаў Іванавіч з’яўляўся дэпутатам сельскага Савета.
Віншаванні з юбілеем ветэран прымаў ад ветэранскай арганізацыі раёна, дырэктара ААТ “Барсучанка”, старшыні Парплішчанскага сельскага Савета, кіраўніцтва сацыяльнай службы, работнікаў культуры. Шчыра радаваўся цёплым словам, кветкам і падарункам, прыгожым песням. А яшчэ таму, што побач з ім знаходзяцца, і не толькі ў гэты святочны дзень, самыя дарагія людзі – жонка і дачушка (на здымку). Аліна Вячаславаўна чатыры гады таму прыехала з Латвіі, дзе яе дом і сям’я, каб дагледзець старэнькіх бацькоў, якія ўжо з цяжкасцю рухаюцца па хаце. Мабыць, менавіта даччыны любоў і клопат дапамагаюць сужэнцам трымацца, не здавацца гадам і хваробам. Ведаць, што цябе любяць, што ты патрэбны родным, – бадай, галоўнае для пажылога чалавека. І таму, нягледзячы на выпрабаванне вайной, цяжкі пасляваенны час, заўчасную смерць сына, Вячаслава Хадаровіча можна лічыць шчаслівым чалавекам.
Алена НЕСЦЯРОНАК.