Старейшина Леонида Мойсиевич из деревни Вешнее Докшицкого района заботится о местных жителях

Изображение 288Леаніда Майсіевіч (на здымку) з’яўляецца старэйшынай вёскі Вешняе, што ў Парплішчанскім сельсавеце, ужо больш за дзесяць гадоў. Прызнаецца, што клопатаў апошнімі часамі не так і многа. У асноўным жанчына дапамагае жыхарам заказаць газ, выклікаць «хуткую дапамогу», дамовіцца пра рамонт сапсаванага тэлефона. Вешняе – вёсачка маланаселеная, як кажуць, бесперспектыўная. Яна налічвае толькі адзінаццаць двароў, дзе пражываюць дванаццаць чалавек. З іх дзесяць – пенсіянеры. Праўда, з наступленнем цеплыні жыццё тут пачынае “кіпець”: на свае летнікі прыязджаюць гараджане. А вось зімой… Як бы там ні было, а для Леаніды Пятроўны гэта вёска – мілы сэрцу куточак, дзе прайшлі яе лепшыя гады, дзе праменяць добрым святлом вокны роднай хаты, у якой выраслі і атрымалі пуцёўку ў свет чацвёра яе дзяцей. Вельмі балюча бачыць, як паступова заціхае жыццё там, дзе, памятаецца, звінелі дзіцячыя галасы, гулі трактары і машыны, пахла сырадоем і свежым печывам. Мабыць, таму старэйшына так імкнецца дапамагаць малой радзіме як мага даўжэй “трымаць марку”. Добраўпарадкаванне – вось на што яна не шкадуе ні сіл, ні часу.

Жалезны крыж у пачатку вёскі быў зроблены і ўстаноўлены дзякуючы намаганням Леаніды Пятроўны.

– Кветкі вакол крыжа садзілі разам, а даглядаць за імі даводзіцца, у асноўным, мне, – дзеліцца жанчына. – Такое жыццё: у Вешнім усе жыхары сталага веку, ім нялёгка ўжо працаваць фізічна.

Разам з тым старэйшына радуецца, што ў мінулым годзе ўдалося абгарадзіць мясцовыя могілкі. Яна арганізавала збор грошай і дамовілася аб вырабе жалезнай агароджы.

– Драўляную ці цэментную, канешне, можна было б паставіць – меншыя выдаткі. Але ж жалезная – гэта на доўгія гады. Лічу, што клапаціцца пра месца захавання родных і блізкіх людзей, аднавяскоўцаў, – свяшчэнны доўг кожнага чалавека. Таму асабіста для мяне вельмі важна давесці гэту справу да канца. Дзякую ўсім-усім, хто дапамагаў мне. Да каго звярталася – ці за матэрыяльнай дапамогай, ці з арганізацыйнымі пытаннямі – ніхто не адмовіў, – твар жанчыны асвятляецца ўсмешкай. – Ну а самы надзейны мой памочнік – муж Аляксандр Іванавіч. Ён агароджу і прывёз, і фарбаваў старанна. Куды ж мне без яго?

Леаніда Пятроўна радуецца зробленаму і прызнаецца, што мае яшчэ шмат задумак. А вось ці ўдасца іх ажыццявіць – гэта ўжо залежыць ад людской дапамогі і ўласнага здароўя. Якога ад усёй душы і жадаем гэтай неабыякавай да жыцця сваёй вёсачкі жанчыне.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *