В агрогородке Торгуны открылся магазин местного сельхозпредприятия
Зусім нядаўна, у пачатку студзеня, наша газета паведамляла пра новы праект у Таргунах. Тады ў памяшканні былога комплекснага прыёмнага пункта поўным ходам вяліся рамонтныя работы. І вось задуманае дырэктарам Анатолем Бальшуновым здзейснілася: 18 сакавіка ў аграгарадку гасцінна расчыніла дзверы ўласная прадуктовая крама ААТ “Таргуны”. На адкрыццё гандлёвай кропкі завітаў начальнік упраўлення райсельгасхарчу Сяргей Абірала, які выказаў упэўненасць у тым, што яе прадукцыя будзе карыстацца нязменным попытам.
Андрэй Бальшуноў, намеснік дырэктара гаспадаркі, выпускнік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, на чые плечы легла адказнасць за ўвядзенне крамы ў рады дзеючых – арганізацыя рамонтных работ і кантроль за іх правядзеннем, закупка патрэбнага абсталявання, падключэнне памяшкання да кацельнай ЖКГ, афармленне неабходных дакументаў, дамовы з пастаўшчыкамі, – распавядае:
– Гандлёвая нацэнка, якую першапачаткова планавалі зрабіць у памеры пяці працэнтаў, яшчэ меншая: толькі два працэнты. Пакупнікі адразу ж могуць заўважыць выгадную для іх розніцу ў цэнах. Прадукцыя разнастайная: некалькі гатункаў хлеба і хлебабулачныя вырабы ахвотна пагадзіўся пастаўляць нам Докшыцкі хлебазавод, мясныя вырабы будзем закупляць у нашых перапрацоўшчыкаў – Глыбоцкага і Міёрскага мясакамбінатаў, шырокі асартымент малочных прадстаўляюць Лепельскі і Глыбоцкі малочна-кансервавыя камбінаты. У недалёкім будучым плануем арганізаваць перапрацоўку і рэалізацыю ўласнай прадукцыі, як ялавічыны – фарш, рагу і іншае, так і дыетычнага мяса трусоў. Сёння ў нас актыўна вядуцца работы па абсталяванні памяшкання, дзе будуць утрымлівацца вушастыя гадаванцы.
Дырэктар Анатоль Бальшуноў задаволены стварэннем двух рабочых месцаў, а таксама тым, што працаўнікі гаспадаркі змогуць цяпер набываць прадукты па ведамасці, у лік заработнай платы, не ў абмежаваным асартыменце, як гэта было раней, а ўрэшце займелі магчымасць шырокага выбару.
Анатоль Мікалаевіч удзячны старшыні райвыканкама А.Л. Пінчуку, яго намесніку С.У. Абіралу, старшыні раённага Савета дэпутатаў В.У. Сівіцкай за падтрымку і дапамогу. Ён не сумняваецца, што праект эканамічна выгадны, а гэта значыць, абавязкова будзе развівацца і расшырацца.
Падчас адкрыцця ў невялікім памяшканні крамы вельмі хутка зрабілася цесна, а людзі ўсё падыходзілі, дэгуставалі свежыя і смачныя, як заўсёды, вырабы хлебазавода, дзяліліся прыемнымі ўражаннямі – і ад кошту тавараў, і ад іх асартыменту. Ля прылаўка, за якім працавала загадчыца Лілія Хілько, тут жа арганізавалася вялікая чарга. У далейшым, зразумела, чэргаў быць не павінна: графік работы крамы – з 8-і гадзін да 19-і без абедзеннага перапынку. І наведвальнікі могуць прыйсці за пакупкамі ў любы зручны для іх час. Да ўсяго і месца знаходжання гандлёвай кропкі для жыхароў Таргуноў і прыезджых аптымальнае – не дзе-небудзь наводшыбе ці ў завулку, а ў самым цэнтры. А цэны кожнаму, хто ў сваім жыцці кіруецца прымаўкай “капейка рубель беражэ”, прыйдуцца даспадобы.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага.