В Докшицкой районной детской библиотеке состоялась встреча детей с отцом Георгием
Даравальная нядзеля. Такую назву гэты дзень атрымаў таму, што ён з’яўляецца апошнім перад пачаткам Вялікага посту, калі хрысціяне просяць адзін у аднаго даравання. Вернікі каюцца перад Богам, але яны і самі павінны ўмець прабачаць. Шчыра дараваць свайму бліжняму для многіх з’яўляецца самым цяжкім момантам у духоўным жыцці. Святы Феафан Пустэльнік пісаў: “Даравальны дзень – які гэта вялікі дзень Божы! Калі б усе мы, як павінна, карысталіся ім, то сённяшні дзень усе хрысціянскія грамадствы зрабіў бы райскімі і зямля злілася б з небам…”
Традыцыя прасіць даравання перад пачаткам Вялікага посту пачалася з айцоў-пустэльнікаў, якія на ўвесь пост развітваліся адзін з адным і зыходзілі ў пустыню. Каб ніхто не пайшоў з жыцця за гэты час (з-за сталага ўзросту і хвароб) без прымірэння з братамі, айцы прасілі адзін у аднаго за ўсё прабачэння.
Пра гэта гаварыў протаіерэй Георгій Мялешка на сустрэчы з выхаванцамі нядзельнай школы Свята-Пакроўскага прыходу, якая адбылася ў мінулую нядзелю адразу пасля святочнай літургіі ў раённай дзіцячай бібліятэцы (на здымку). І як звычайна бывае ў гэтага святара, гутарка выйшла далёка за межы вызначанай тэмы. Айцец Георгій паразважаў з дзецьмі пра тое, як трэба любіць Айчыну, быць яе патрыётам, умець абараніць слабага, дзяўчынку і якія якасці неабходна ўжо зараз імкнуцца выхоўваць у сабе маленькім праваслаўным вернікам.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.