Армянская семья Степанян прижилась на Докшиччине

агра 001Лічыцца, што сярод многіх фактараў чалавечага шчасця адзін з самых галоўных – жыццё на радзіме. Чуць кожны дзень родную мову, размаўляць на ёй, прытрымлівацца нацыянальных традыцый, адчуваць сябе часцінкай свайго народа – у большасці выпадкаў менавіта гэтага не хапае тым, каму па волі лёсу ці па ўласным жаданні даводзіцца жыць удалечыні ад бацькаўшчыны.

Армяне Мікалай і Армінэ Сцепанян (на здымку) трапілі ў Беларусь у розны час і пад уплывам розных абставін. Сям’я Армінэ пасялілася на Докшыччыне ў 1992 годзе. Зрабіць гэта іх вымусіла вайна. У вёсцы Пліскі, што ў Сітцаўскім сельсавеце, жыла радня, да якой і прымкнулі ў цяжкую часіну. Маці Армінэ ўладкавалася працаваць на ферму даяркай, калгас выдзеліў бежанцам дом у Курдзеках. Шасцігадовая дзяўчынка адразу пайшла ў першы клас Сітцаўскай сярэдняй школы – пачалося новае жыццё, у якім усё было адрозным ад ранейшага. Нейкіх асаблівых цяжкасцей з адаптацыяй маладая жанчына не прыпамінае. І сяброў хутка займела, і гаварыць па-беларуску навучылася, і стравы нашы прыйшліся да смаку. “Абеларусілася”, – смяецца. Але за мясцовага хлопца ўсё ж такі замуж не выйшла. У 2005 годзе паехала ў Арменію праведаць родных і там сустрэла сваё каханне. Мікалай, не раздумваючы, адправіўся ўслед за любай. Праз год у маладой сям’і нарадзіўся сынок, якога назвалі Андрэем, і тым самым канчаткова замацаваліся на нашай зямлі.

Дружная сям’я Сцепанянаў не баіцца ніякай работы. “На любой працы трэба прыкладаць усе сілы”, – гэта выказванне не раз прагучала з іх вуснаў падчас размовы. І, разам з тым, – ніводнай скаргі на цяжкасці, на якіясьці недахопы. Раней Мікалай і Армінэ працавалі на свінагадоўчым комплексе, а вось ужо год прайшоў, як памянялі род дзейнасці: 350 бычкоў на дарошчванні замацаваны за імі на МТФ “Свіркі” ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”.

– Не дзелім сваіх гадаванцаў на групы – “тваё-маё”, а працуем разам, побач, плячо ў плячо, – кажуць маладыя жывёлаводы. – Так і справа спорыцца, і весялей удваіх, і розныя надзённыя пытанні можна дэталёва абмеркаваць – часу хапае. Задаволены і ўмовамі работы, і графікам – з васьмі гадзін да шаснаццаці, і вынікамі – прывагі атрымліваем, здаецца, нядрэнныя. Не лянуемся, дома таксама трымаем гаспадарку – падмога значная.

Загадчыца фермы Наталля Новік сваімі работнікамі не нахваліцца: руплівыя, адказныя, добрасумленныя і вельмі надзейныя. А яшчэ – прыязныя, адкрытыя, добразычлівыя людзі. Што, прынамсі, адразу бачна: па іх усмешках, па тым, як ахвотна размаўляюць, з якой любоўю адносяцца адзін да аднаго і з якой пазітыўнасцю – да акаляючага свету. Ад зносін з такімі людзьмі заўсёды становіцца неяк светла на душы. Таму хочацца спадзявацца, што наша сустрэча далёка не апошняя.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *