Неделя музыки прошла в Докшицкой детской школе искусств

Здымак 1

Здымак 1

Сёлетні Тыдзень музыкі, які, як заўсёды, цікава прайшоў у Докшыцкай дзіцячай школе мастацтваў, быў прысвечаны 50-гадоваму юбілею гэтай установы. Урачыста ён будзе адзначацца напрыканцы навучальнага года, а пакуль ідуць як бы яго маленькія рэпетыцыі. Па словах дырэктара Вольгі Сушко, галоўнай задачай тыдня было паказаць работу ўсіх аддзяленняў школ, і гэта атрымалася. 

Адкрыла свята самае папулярнае аддзяленне – фартэпіяннае. У яго музычным феерверку прынялі ўдзел і настаўнікі, і вучні. Сцэнарый быў пабудаваны так, што праз цікавую гульню можна было праверыць, як дзеці ведаюць нотны стан (здымак 1), як яны самі валодаюць ігрой на гэтым цудоўным інструменце, як паспяваюць знаходзіць і развіваць у сабе іншыя таленты. Музычнымі нумарамі парадавалі Сяргей Красільнікаў, Дар’я Аляксеенка, Марыя Казлоўская, Вікторыя Крыкун, Арцём Скакун, Мікіта Неманкоў, Улад Стадольнік, Яна Неманкова, Ганна Козел, Валерыя Гмырак і іншыя юныя артысты.

Непараўнальныя хвіліны эстэтычнай радасці ад сустрэчы з добрай музыкай падарылі настаўнікі Людміла Карповіч, Вераніка Крывічаніна, Таццяна Палачаніна.

Тэарэтычнае аддзяленне ўсіх паклоннікаў сальфеджыо і музычнай літаратуры запрасіла на музычна-тэарэтычны конкурс “Сальфеджыяда”. У ім прынялі ўдзел тры каманды: самі гаспадары, дзеці з Крулеўшчыны і Бягомля. Заданні былі распрацаваны так, што вучні маглі поўнасцю прадэманстраваць свае веды, навыкі, уменні, якія яны набылі на ўроках па тэорыі музыкі. Удзельнікі конкурсу, акрамя традыцыйнай візітоўкі, адказвалі на пытанні бліц-апытання, шукалі недакладнасці ў прапанаванай іх увазе біяграфіі вялікага Моцарта, пісалі супер-дыктоўку. Самым складаным атрымаўся конкурс “Слабае звяно”, але і з ім каманды дастойна справіліся. Трэба сказаць, што дырэктары школ і настаўнікі адчувалі сябе спакойна на працягу ўсёй “Сальфеджыяды”, за веды сваіх вучняў ім было не сорамна.

Здымак 2

Здымак 2

Менавіта гэта адзначыла і старшыня журы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Інга Журомская, калі ўручала ўзнагароды. Першае месца заняла каманда Докшыцкай ДШМ (здымак 2), на другім – юныя музыканты з Бягомля і на трэцім – каманда Крулеўшчынскай ДШМ.

“Вясёлка талентаў” – так назвалі свой дзень музыкі выхаванцы народнага аддзялення. Прыхільнікі народных інструментаў паслухалі, як спявае вакальная група (здымак 3), даведаліся пра гісторыю гітары і акардэона, упэўніліся, як цудоўна валодаюць імі настаўнікі Алена Шалапа, Алег Жалткевіч і іх вучні. Не менш прыгожа гучалі баяны Максіма Несцяронка і Антона Барылы. Зачароўвалі цымбалы Івана Баравінца, Агніі Казловай, Насці Кішэня, Сямёна Кішулькі, якому дапамагала яго настаўніца Алена Трус. Сваімі гукамі заваражылі ўсіх труба Кірыла Гадулевіча і званочкі Яўгенія Янкоўскага.

Да музыкантаў далучыліся выхаванцы тэатральнага аддзялення. Дружнымі апладысментамі сустракалі гледачы таленавітую дзяўчынку-чытальніцу Яну Модаль.
У канцэрце прымалі ўдзел узорны аркестр баянаў, інструментальны ансамбль “Рэмікс”, флейтыстка Віялета Будзько, салісты народнай

Здымак 3

Здымак 3

эстраднай студыі “Калейдаскоп” Андрэй Воранаў, Андрэй Чабан і іншыя.

Вучні мастацкага аддзялення да свята аформілі выставу сваіх работ. Не засталіся ў баку і выхаванцы харэаграфічнага аддзялення.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *