Воспоминаниями о Великой Отечественной войне поделилась малолетняя узница Ольга Лях из Докшицкого района

IMG_6760Звычайна выснову выносяць у канец артыкула. Але ў выпадку з сённяшняй гераіняй, менавіта з яе хацелася б пачаць. Вользе Лях (на здымку) з Вілейкі ўвосень будзе дзевяноста. Лёс ёй дастаўся гаротны, аднак да сённяшняга часу бабуля захавала шчырую веру ў волю Бога і не скардзіцца Яму на жыццё. Многім вядомая прыпавесць пра тое, што кожны нясе крыж па сваіх сілах. Якім быў крыж гэтай жанчыны? Мяркуйце самі.

Волечка нарадзілася ў Вілейцы ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя. У сям’і была сярэдняй. Гадавалася не лепш і не горш за іншых. Адно, што вылучала сям’ю, – гэта вялікая набожнасць маці, якая перадавала яе дзецям. Калі пачалася Вялікая Айчынная, дзяўчынка хадзіла ў пяты клас…

… Вольга Макараўна заплюшчвае вочы. Здаецца вось-вось пабяжыць слязінка па зморшчынкам. Але жанчына стрымліваецца, уздыхае і кажа:

– Цяжка было, дзеткі, у вайну: і напачатку, і потым. Але самае страшнае, што помню, як вёску нашу палілі, а мы з сястрою трапілі ў нямецкі палон. Вестка, што немцы ля Вілейкі, разляцелася ў той вясновы дзень 1943 года страшным гулам. Мама схапіла браціка, сясцёр, мяне і подбегам кінулася ў лясок. Беглі мы босымі, аднак болю не адчувалі. Толькі б выжыць. Вёску падпалілі, але хаты чапалі не ўсе, а выбарачна. У агні гінулі людцы, якія не паспелі схавацца і ўцячы. Цэлыя сем’і. З дзеткамі маленькімі. Ой, як так людзі з людзьмі могуць, скажыце мне? – на гэты раз бабуля не стрымлівае слёз.

Гісторыя, між тым, працягваецца. Фашысты знайшлі сям’ю Вольгі Макараўны ў лесе. Яе і старэйшую сястру пагналі ў палон. Матулю з малодшымі пакінулі, не чапалі.
Падлеткаў, быццам жывёлу, пагрузілі ў таварняк. Ехалі шмат часу. Было і холадна, і голадна, усяляк. Многія не вытрымлівалі дарогі.

Ужо ў Германіі іх разбіралі баўэры.

– Я трапіла ў гарадок Віперфюрт, які быў недалёка ад Кёльна. Сястру забралі іншыя гаспадары. Не буду крывіць душой і нагаворваць на немцаў, у якіх пражыла два гады, – адносіліся да мяне па-чалавечы. Канечне, работы было шмат: яны трымалі вялікую гаспадарку, адных толькі кароў было сем. Працавала шмат, дзетак даглядаць дапамагала. Аднак мяне, у адрозненне ад сястры, не білі і голадам не марылі. Гаспадыня нават некалькі разоў брала з сабой у кірху і паездкі. Больш таго, калі мая сястра ў чарговы раз збегла ад сваіх гаспадароў і трапіла ў турму, фраў нейкім чынам даведалася, дзе яна, і забрала да сябе. Так што, калі прыйшлі саюзнікі, мы з сястрой ужо жылі пад адным дахам. Вызвалілі нас вясной, а ў Вілейку трапілі толькі к верасню. Дарога дадому была доўгай. Хаця і шмат гадоў мінула з тае пары, добра памятаю, як упершыню ўбачыла пасляваенны Мінск: ён і праўда быў у руінах. Страх! Вы, дзеткі, пра гэта, дзякуй богу, не ведаеце, але вялікая хвала тым, хто адбудаваў і Мінск, і ўсю Беларусь. Я некалькі гадоў таму была ў сталіцы, унучка вазіла ў госці. Вакол такая прыгажосць!.. Успомню, што бачыла ў 1945, і радуюся таму, што ёсць зараз. Цаніце гэта, дзеткі, цаніце.

На гэтым можна было б і скончыць гісторыю малалетняй вязніцы Волі Лях, каб не адно “але”. Мірнае жыццё ёй паслала не меншыя іспыты.

IMG_6774

Як напамін аб зверстве фашызму, на ўскрайку Вілейкі помнік спаленым вяскоўцам.

Пасля вайны яна пабралася шлюбам з мясцовым хлопцам, сям’ю якога таксама знішчылі карнікі. Пабудавалі ў Вілейцы хату, нарадзілі дзяцей, працавалі ў гаспадарцы. Здаецца, жыві і радуйся. Аднак спачатку не стала ў сям’і гаспадара. Вольга Макараўна адна паднімала траіх дзяцей, а потым здарылася і ўвогуле страшнае. Яе дачка разам з мужам і двума малодшымі дзеткамі загінулі ў пажары… Двое старэйшых выратаваліся, і бабуля Волька забрала сірот да сябе. Так і гадавала ўнукаў, як асабістых дзетак. Некалькі гадоў таму з жыцця пайшоў яшчэ адзін сын Макараўны…

…Пад шклом у шафе каляровыя фотаздымкі: юнакі, дзяўчаты, маладыя, дзеці.

– Гэта ўсё – мае ўнучакі, іх восем, і праўнукаў ужо дзевяць маю, – усміхаецца бабка Волька. Добрыя яны ў мяне, прыязджаюць, не забываюцца. А я дзякую Богу за жыццё. Каб не ён – жанчына паварочваецца да кута з абразамі – не ведаю, як выжыла б.

 

Наталля Навіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *