Докшицкий «Белтелеком» отмечает профессиональный праздник
Сучасная сувязь – адна са сфер, у якой вельмі хутка развіваюцца тэхналогіі. У той далёкі час, калі ў кватэрах пачалі з’яўляцца звычайныя тэлефоны, ніхто і не думаў, што праз тэлефонныя лініі можна будзе не толькі звязацца з любой краінай, але і працаваць у Інтэрнэце, і нават глядзець тэлебачанне.
Сёння шырокапалосным доступам у сеціва карыстаецца кожная другая сям’я ў Докшыцах, пастаянна расце колькасць абанентаў інтэрактыўнага тэлебачання. Усё гэта павялічвае нагрузку на тэлефонныя лініі, у аснове якіх – медны кабель. Для таго, каб палепшыць у першую чаргу якасць паслуг, якія прапаноўвае “Белтэлекам”, кампанія вядзе замену старога кабелю на новы – валаконна-аптычны. Так, тэхналогія “оптыка ў кватэру” хутка стане даступнай амаль для ўсіх жыхароў шматкватэрных дамоў у райцэнтры. Зараз брыгады спецыялістаў устанаўліваюць оптавалакно ў чатырох дамах па вуліцах Гайдара і Палявой. Да канца чэрвеня іх будзе дванаццаць. За 2016 год тэхналогія xPON павінна прыйсці амаль у кожную кватэру. А гэта значыць, што абаненты атрымаюць шмат пераваг. Найперш, зменіцца хуткасць доступу ў Інтэрнэт і, адпаведна, павялічыцца якасць паслуг. Адным з плюсаў з’яўляецца тое, што валакно дазваляе падключаць да паслуг інтэрактыўнага тэлебачання ZALA па адной лініі адразу некалькі тэлевізараў. Для абанентаў, якія пераходзяць на валаконна-аптычны кабель, прадугледжаны спецыяльныя прапановы ад кампаніі. Дарэчы, найноўшыя ІТ-паслугі «Белтэлекама», якім няма аналагаў ва ўсім свеце, былі прадстаўлены на выставе TIBO-2016. А ў хуткім часе імі скарыстацца змогуць і дакшычане. На дадзены момант да 18 мая кампанія праводзіць акцыю “мінус 50 працэнтаў” пры падключэнні тарыфнага плана “Ясна”, у які ўваходзяць Інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне, абанентская плата за тэлефон і безлімітныя размовы па фіксаванай сетцы РУП “Белтэлекам”. Прыемны кошт і ў плана “Сямейны”. Напэўна, кожнага зацікавіць такая паслуга, як “Разумны дом”, якая ўяўляе сабой сістэму прылад, бесправадных датчыкаў (руху, тэмпературы і вільготнасці, дыму, адкрыцця дзвярэй ці вокнаў і інш.), прылад відэаназірання, якімі можна кіраваць. Паслуга забяспечвае перадачу, збор, захоўванне інфармацыі з дапамогай камп’ютара, планшэта, мабільнага тэлефона і іншых гаджэтаў.
Працэс замены меднага кабелю на “оптыку” для кліентаў адбываецца максімальна камфортна і, што галоўнае, бясплатна. Новы кабель вельмі гнуткі і трывалы, ён не акісляецца і не намакае. Паломка магчыма толькі пры моцным згінанні. Толькі ў выпадку яго пашкоджання ў час эксплуатацыі плаціць за рамонт будзе гаспадар. Работы па пераключэнні праводзяцца ў адпаведнасці з графікам. Жыхары папярэджваюцца аб’явамі і па тэлефоне. А таму будзьце больш уважлівымі – новыя тэхналогіі хутка прыйдуць і да вас.
НА ЗДЫМКУ: прыгажуня, спартсменка і проста высакакласны спецыяліст «Белтэлекама» з дваццацігадовым стажам Таццяна Глінская, якая сёлета годна прадстаўляла свой калектыў на абласным конкурсе прафмайстэрства, дапаможа разабрацца кліенту з найноўшымі тэхналогіямі.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.