Локомотивное депо ст. Крулевщизна Докшицкого района отмечает 100-летний юбилей

Пачынаючы з сярэдзіны 19 стагоддзя, чыгунка пачынае аказваць значны ўплыў на эканоміку Расіі, у тым ліку і Беларусі. Яна, як лакаматыў у прамым і пераносным сэнсе, пацягнула за сабой беларускую гаспадарку. Менавіта чыгунцы абавязаны сваім нараджэннем такія гарады, як Баранавічы, Калінкавічы, Жлобін, Маладзечна, Асіповічы.  Другое дыханне набылі Орша і Ліда. І, разам з тым, іх аднагодкі па сярэднявеччы Нясвіж, Мсціслаў, Навагрудак, пазбаўленыя чыгункі, паступова страцілі сваю былую веліч. Менавіта чыгунцы абавязаны сваім нараджэннем і сённяшні аграгарадок Крулеўшчына. 

Погляд у мінулае

поезд старыйУ 1902 годзе для абслугоўвання нацыянальнага рынка пачалося будаўніцтва Балагое – Сядлецкай чыгункі. Тады праз кожныя 100 кіламетраў узнікалі майстэрні па рамонце паравозаў і вагонаў. Адна з іх была створана на ст. Параф’янаў.

У гэты ж час за чатыры кіламетры ад засценку Круляўшчызна была ўзведзена чыгуначная станцыя, якая атрымала назву Сеславіна. Пры ёй вырас пасёлак для чыгуначнікаў, у якім пражывала менш за сотню чалавек. Першая сусветная вайна ўнесла ажыўленне ў размеранае жыццё станцыі, якая аказалася ў прыфрантавой зоне. Дзякуючы ваенным перавозкам, на ёй рэзка вырас рух. Нямецкае наступленне ў вясенне-летнюю кампанію 1915 года прымусіла эвакуіраваць многія станцыі, у тым ліку і Сеславіна. Але ўжо ў кастрычніку, пасля ліквідацыі прарыву, дзейнасць участка Маладзечна – Сеславіна была адноўлена.

Напачатку 1916 года ад станцыі была пабудавана шырокакалейная чыгунка да Беразвечча. На шырокую каляю перашываецца і ўчастак чыгункі Беразвечча – Паставы, пабудаваны яшчэ ў 1897 годзе. Такім чынам, Сеславіна злучаецца з чыгункай Пецярбург – Варшава. Гэта акалічнасць мела для станцыі вялікае значэнне. З Параф’янава ў Сеславіна пераводзяцца рамонтныя майстэрні, так званае дэпо. Узводзяцца электрастанцыя, вадакачка, будуецца шпіталь, павялічваецца штат чыгуначнікаў. Станцыя становіцца вузлом. У 1921 годзе яна разам з астатняй тэрыторыяй Заходняй Беларусі адыходзіць да Польшчы. Палякі далі ёй новую назву – Круляўшчызна, якую станцыя захавала да сённяшняга дня.

Нямецкая і польская інтэрвенцыя прычынілі вялікія страты гаспадарцы чыгункі. Рэзка зменшыліся ў параўнанні з даваенным перыядам аб’ёмы перавозак, быў зняты другі пуць. Рух цягнікоў праз станцыю насіў разавы характар. Але паступова жыццё наладжвалася. У 1928 годзе адкрыўся рух да памежнай з Усходняй Беларуссю ст. Фарынава. У 1930 годзе на станцыі пражывала 538 чалавек, было 116 дамоў. Дзейнічалі электрастанцыя, паравознае дэпо, паравы млын, лесапільня, амбулаторыя, аптэка, некалькі крамаў, два рэстараны, бібліятэка, школа, цагельня.

Пасажыра- і грузапаток рэзка павялічыўся пасля таго, як Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. У лютым 1941 года ЦК ВКП (б) і СНК СССР прынялі пастанову, якая датычылася далейшага развіцця чыгункі. Некалькі пунктаў у ёй адносіліся непасрэдна да Круляўшчызны. Трэба было пабудаваць лінію Лепель — Круляўшчызна (65 км), другі пуць на ўчастку Загацце — Маладзечна — Багданаў. Але ўвасобіць у жыццё запланаванае перашкодзіла вайна. Ужо праз некалькі дзён пасля яе пачатку гітлераўскія самалёты бамбілі вузел. У хуткім часе станцыю занялі немцы і прыстасавалі вузел для сваіх транспартных патрэб. Па гэтай прычыне ўсю вайну да самага вызвалення Круляўшчызна была галоўным аб’ектам для дыверсій падпольшчыкаў, падрыўнікоў партызанскай брыгады ЦК КПБ. 17 жніўня 1943 года яе штурмам узяла брыгада Гіль-Радзівонава. Гарнізон быў практычна знішчаны, шмат забіта абслугі з немцаў-чыгуначнікаў.

Новае жыццё

позд соврПятага ліпеня 1944 года, ужо праз два дні пасля вызвалення Беларусі, машыніст Рыгор Півень правёў першую групу паравозаў. А першы цягнік з воінскім абсталяваннем да ст. Вільнюс — Канстанцін Пятроўскі. Было гэта 7 ліпеня 1944 года. Для работы машыністамі ў дэпо прысылалі спецыялістаў з усходу краіны і нават з Расіі, Украіны. Памочнікаў і качагараў набіралі з мясцовых кадраў. Спачатку працавалі на трафейных нямецкіх паравозах і толькі ў сярэдзіне 50-х гадоў сталі пераходзіць на айчынныя. Тады ж і з’явіліся першыя машыністы з мясцовых жыхароў. У асноўным, гэта былі былыя партызаны ці франтавікі: Мікалай Мікалаевіч Васілевіч, Мікалай Сяргеевіч Васілевіч, Уладзімір Пятух, Павел Палякоў. У дэпо прыйшоў першы паравы кран, які намнога лягчэйшай зрабіў працу па загрузцы паравозаў палівам (дровамі). Раней гэта рабілася ўручную.

У 1957 годзе Віцебскае аддзяленне са складу Калінінскай чыгункі было пераведзена ў падпарадкаванне Беларускай. Гэта акалічнасць не паспрыяла далейшаму развіццю Круляўшчызны. Былі скасаваны вагоннае дэпо і дыстанцыя пуці. Чыгуначная школа перададзена на баланс рана. Паравознае дэпо становіцца абаротным. Затым яно наогул ператвараецца ў цэх і толькі напачатку ХХІ стагоддзя зноў становіцца абаротным.

На працягу існавання дэпо яго начальнікамі былі многія, але найбольш яркі след у развіцці гэтай чыгуначнай структуры пакінуў Іван Угарынка, які працаваў з 1965 па 1982 гады. Тады ўласнымі сіламі паравозы з вугальнага сталі пераводзіць на камбінаванае паліва, а з 1975 года з дапамогай спецыялістаў лакаматыўнага дэпо Полацка – на нафтавае. Рэканструявалі склад паліва, пабудавалі кацельню, шмат жылых дамоў. У снежні 1977 года машыністы Леанід Курсевіч, Уладзімір Квачонак, Алег Лубчонак правялі першыя цеплавозы. У гэты “залаты” перыяд дэпо было вядома сваім струнным аркестрам, спартыўнай камандай “Лакаматыў”. Самадзейныя артысты і спартсмены не раз станавіліся пераможцамі аглядаў-конкурсаў, спартакіяд Віцебскага аддзялення.

Чыгунка заўсёды славілася сваімі працоўнымі дынастыямі. У дэпо іх налічваецца 15, і яны прадаўжаюцца і сёння. Дынастыі Асонаў, Малько-Халаевых, Русак-Юхневічаў маюць стаж работы ў дэпо больш за 100 гадоў. Агульны чыгуначны стаж дынастыі Ждановічаў складае каля 400 гадоў. Непасрэдна ў дэпо з 1933 па 1939 год працаваў Ігнат Ждановіч, з 1963 па 2012 год – Іван Ждановіч.

За шматгадовую добрасумленную працу многія чыгуначнікі ўдастоены дзяржаўных узнагарод. Гэта Віктар Барысевіч, Мікалай Мікалаевіч Васілевіч, Уладзімір Юхневіч, Уладзімір Пятух, Іосіф Грабнёў.

Сённяшні калектыў лакаматыўнага дэпо, які ўзначальвае Уладзімір Батура, – гэта 80 чалавек. Машыністы лакаматываў водзяць цягнікі ў накірунках Полацк, Маладзечна, Лынтупы, Друя. Калектыў пры бяспечным руху паспяхова спраўляецца з заданнем па перавозцы грузаў і пасажыраў.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Інфармацыю
прадставіў старшыня ветэранскай арганізацыі лакаматыўнага дэпо
Іван ЖДАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *