Семья Михаила и Алёны Мелешко из Докшиц согревается теплом пяти сердец
Сям’я Міхаіла і Алёны Мялешкаў з райцэнтра нарадзілася, так бы мовіць, па класічным сцэнарыі. Будучыя муж і жонка жылі практычна ў адной мясцовасці – Несцераўшчыне і Дзедзіне, разам заканчвалі Тумілавіцкую школу. Менавіта ў яе сценах падчас аднаго са школьных вечароў узнікла пачуццё, якое называюць першым каханнем. Потым Алёна чакала свайго Мішу з арміі. Дзевяць гадоў таму адгуло іх вяселле, і пачалося жыццё сямейнае.
Размову вядзём ва ўтульнай кухні. Пара згадвае, як з першынцам Алёшкам прыйшлося пажыць у пакоі інтэрната ў райцэнтры, службовым доме ў Глінным, пакуль узводзіліся ўласныя сцены. Але гэта былі часовыя акалічнасці, якія не засмуцілі радасці сумеснага шчасця. Акурат да таго часу, як была пабудавана новая кватэра, праз чатыры гады пасля сына, на свет з’явілася дачушка Анечка – пястушка і модніца. А нядаўна ў сям’і Мялешкаў нарадзіўся Арсеній. Яму яшчэ толькі чатыры месяцы. Пасля вяртання са школы і садка старэйшыя дзеці перш бягуць прывітацца з малышом і маме на дапамогу прыходзяць, калі трэба прыглядзець за брацікам.
Алёна і Міша ў адзін голас сцвярджаюць, што дакладна ведалі: у іх будзе шмат дзяцей. Бог падарыў трое. І гэта шчасце маладой пары.
Алёна і сама з вялікай сям’і. Мае сем братоў і дзве сястры. Усе гадаваліся разам, старэйшыя дапамагалі малодшым. Мелі свае хатнія абавязкі. Летам стараліся зарабіць на ягадах і грыбах. Трымалі вялікую гаспадарку. І гэта вельмі дапамагло кожнаму з іх у далейшым дарослым жыцці. Маці заўжды старалася, каб яны былі добра апранутымі, дагледжанымі. Бо гэта вельмі крыўдна, калі на вялікую сям’ю навешваюць стэрэатыпы пра тое, што дзеці ў ёй абдзеленыя матэрыяльнымі выгодамі. Можа чаго і менш, але, калі пануюць павага да старэйшых, згода і любоў, усё астатняе можна перажыць. І зараз Алёна стараецца прывіваць сваім дзецям гэтыя каштоўнасці. Заўжды ў сям’і ладзяцца невялічкія ўласныя святы з абавязковымі салодкасцямі для малых, выезды на ўлонне прыроды і ў сталіцу да дзіцячых забаў.
Сям’я Мішы ў Несцераўшчыну пераехала пасля Чарнобыльскай трагедыі. Ён хоць і не ўраджэнец раёна, аднак да мясцовасці ўжо прыкіпеў душой. Яму больш даспадобы вясковае жыццё, таму ў любую свабодную хвілінку едзе да бацькоў, каб дапамагчы па гаспадарцы, балазе недалёка. Ці збіраецца з сынам на рыбалку. Пасля павелічэння сям’і пара ўвогуле стала марыць пра ўтульны дом на зямлі. Тым часам васьмігадовы Лёшка з гонарам дэманструе ўласную вуду, якую яму падарыў тата. У размове хлопчык кажа, што хаця тата і больш строгі чым мама, а як інакш, калі ён міліцыянер, але яны вялікія сябры, а мама павінна больш сябраваць з Анечкай, як усе дзяўчаты. Так і атрымліваецца на практыцы. Мама – больш імпульсіўная, хуткая на ўздым – яна генератар ідэй. Тата – памяркоўны, цярплівы, але за ім апошняе слова. А разам – яны дзе паловы аднаго цэлага, таго, што сагрэта цяплом пяці сэрцаў, сваёй яшчэ вельмі маладой, але ўжо вялікай сям’і.
Наталля СТАШЭВІЧ.