Сергей Шарох из Докшиц стремится сделать свою семью счастливой
Сямейны стаж Сяргея Шароха, старшага пажарнага Докшыцкага РАНС, і яго жонкі Вольгі, загадчыцы крамы “Умелец”, – 15 гадоў. Лічба не такая значная, але куды важней не колькі пражыта разам, а як. З першых хвілін знаёмства бачна, што гэта сапраўдная Сям’я. Чацвёра дзетак выхоўваюць Сяргей і Оля. Старэйшыя, пагодкі Артур і Аня, ужо досыць дарослыя і сур’ёзныя людзі: як-ніяк у 7-ым і 6-ым класах вучацца. А малеча – двайняткі Мікітка і Арышка, якім хутка два гадкі, – “з’явіліся” нядаўна, у лютым. Паехалі ў Віцебскі дом дзіцяці, каб удачарыць дзяўчынку, а прывезлі дваіх: хіба ж раздзеліш? Вось так лёс усміхнуўся маленькім чалавечкам, пакінутым роднай маці. Яны набылі свой дом і сям’ю, дзе акружаны клопатам і любоўю, набылі сапраўдных маму і тату.
Як жа ўдаецца бацькам выхоўваць і даглядаць чацвярых дзяцей, паспяваючы спраўляцца і на рабоце, і дома, знаходзячы час для сумеснага адпачынку і наведвання храма? У Шарохаў уласны дом, дзе ўвесь час нешта дабудоўваецца, мадэрнізуецца, і гаспадарка: агарод, куры, трусы.
– Я ўдзячны свайму бацьку, які з маленства прывучыў мяне да працы, і стараюся гэтак жа выхоўваць сваіх дзяцей, – гаворыць галава сям’і. – Старэйшыя сочаць за парадкам у доме, прыглядаюць за малодшымі. У нас няма падзелу працы на мужчынскую і жаночую. Памыць падлогу на кухні? Хто на той момант вольны, той гэта і зробіць. Я вельмі люблю сваіх дзетак, кажу ім ласкавыя словы, лашчу і шкадую, але разам з тым і патрабавальны: нельга ўпускаць час, калі закладваецца разуменне таго, што можна, а што ні ў якім разе нельга.
Графікі работы ў Сяргея і Олі бягучыя, таму ўдаецца па чарзе заставацца з малышамі. Оля сцвярджае, што цалкам спакойная, калі з двайняткамі застаецца Сяргей: і пакорміць, і пераапране, і памые, і пагуляе, і яшчэ шмат іншай работы па доме за гэты час зробіць.
– Яго самыя адметныя рысы – працавітасць і надзейнасць, – з любоўю глядзіць на мужа маладая жанчына. А Сяргей дадае, што сварак у сям’і не бывае, усе пытанні вырашаюцца “за круглым сталом”, калі і здараюцца спрэчкі, то без крыўдных слоў і папрокаў. Старэйшыя дзеткі добра вучацца, заняты па максімуме: Артур ходзіць у спартыўную школу, мае ўжо, як і тата калісьці, шмат грамат і прызоў за свае дасягненні, Анечка спявае ў “Тоніцы” і займаецца ў дзіцячай школе мастацтваў народнымі танцамі. І ва ўзаемаадносінах гэтых родных людзей адчуваецца такая цеплыня, такі клопат адзін пра аднаго і гордасць адно за аднаго, што гэта не можа не выклікаць радасці і замілавання.
На пытанне, у чым заключаецца галоўная задача галавы сям’і, Сяргей, на хвілінку задумаўшыся, упэўнена адказвае:
– Вырасціць дзяцей дастойнымі людзьмі, найперш на ўласным прыкладзе. А яшчэ…каб усе ў сям’і былі шчаслівыя.
І гэтымі словамі ўсё сказана.
Алена НЕСЦЯРОНАК.