Кому мешают дорожные знаки?

Толькі сёлета з аўтадарог, якія знаходзяцца на балансе філіяла Докшыцкае ДРБУ № 180, былі выкрадзены і пашкоджаны каля 100 дарожных знакаў.

IMG_0467

Зразумела, што камеру на кожны знак не павесіш і злавіць зламысніка практычна нерэальна. Што застаецца супрацоўнікам дарожнай арганізацыі? Як мага хутчэй аднаўляць пашкоджаныя ці ставіць новыя знакі. Справа гэта патрабуе не толькі дадатковага выдаткавання грошай, але і часу.
– Наша арганізацыя абслугоўвае 647 кіламетраў мясцовых і 124 кіламетры аўтадарог рэспубліканскага значэння, – расказвае галоўны інжынер ДРБУ № 180 Мікалай Сіўко. – Вандалізм на дарогах фіксуецца вельмі часта, аднак сёлета, асабліва па вясне, колькасць фактаў узрасла. Шмат выпадкаў, калі аматары пастраляць выпускаюць у знакі і ўказальнікі не адзін дзясятак куль, многія ўвогуле скрадзены. Не грэбуюць нічым: знікаюць знакі галоўных і другасных дарог, чыгуначных пераездаў, указальнікі кіламетраў і населеных пунктаў. Тым, хто гэтым займаецца, не важна, наколькі трывала замацавана стойка, яе спілоўваюць і забіраюць. Хутчэй за ўсё, далей прымяняюць у гаспадарцы.

 

IMG_1064
Быў у нас выпадак, калі на наступны дзень пасля ўстаноўкі новых двайных шыльдаў з абазначэннем пачатку і канца населеных пунктаў, адну іх частку скралі. Давялося дэманціраваць усю канструкцыю і замяняць яе на старую. Яшчэ адно хвалюючае пытанне – псаванне пунктаў прыпынку. Чаго толькі з імі не робяць: размалёўваюць, пашкоджваюць, разбіраюць. І не дзеля якой уласнай карысці, а проста так, для забавы. Многія вадзіцелі не адмаўляюцца ад магчымасці пакінуць пакеты з бытавым смеццем на прыпынку.

 

IMG_1062
Калі казаць непасрэдна пра кошт работ, то, напрыклад, рамонт нядаўна пашкоджанага знака на аўтобусным прыпынку ў Тумілавічах (замена і фарбаванне стойкі, паслугі транспарту) склаў 393 тысячы рублёў. Пры ўмове ўсталявання на месца новага знаку гэта сума павялічылася б да паўмільёна.
Хачу звярнуцца да ўсіх, хто мае дачыненне да вандалізму на дарогах: майце на ўвазе, што рамонт, а тым больш усталяванне новых знакаў, каштуе не танна. І фінансуючы ў чарговы раз гэтыя выдаткі, мы памяншаем памер сродкаў, якія павінны былі пайсці на іншыя віды дарожных работ. Хто ад гэтага пакутуе? Вадзіцелі, якімі таксама з’яўляюцца і зламыснікі. Атрымліваецца, што гэта мядзведжая паслуга самому сабе.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фотафакты
прадстаўлены ДРБУ № 180.