Молодой врач в Докшицком районе лечит все болезни
Вынікі апошніх гадоў паказваюць, што менавіта ўрачы агульнай практыкі істотна паляпшаюць работу сістэмы пярвічнай медыцынскай дапамогі, аказваюць сваім пацыентам шырокае кола клінічных і прафілактычных паслуг. Згодна з галіновай статыстыкай, дзякуючы такім урачам у паўтара-два разы паніжаецца ўзровень гаспіталізацыі, паляпшаецца прафілактыка захворванняў, памяншаюцца чэргі ў паліклініках і да вузкіх спецыялістаў. Урач агульнай практыкі ведае жыхароў свайго ўчастка, іх захворванні, своечасова праводзіць прафілактычныя работы. У выніку выйграюць усе.
Урач агульнай практыкі, выпускніца Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта Ірына Казімірава (на здымку) жыве ў аграгарадку Валкалата і працуе ва ўчастковай бальніцы без малога год. У Валкалацкім сельсавеце пражываюць 944 жыхары ў 30-і населеных пунктах. Здавалася б, лічба значная, ды і ў невялічкіх вёсачках жывуць, у большасці, людзі пажылыя, якім вельмі часта патрэбна медыцынская дапамога. Але малады ўрач сцвярджае, што пры разумным размеркаванні часу тут ёсць магчымасць працаваць без залішняй мітусні, дэталёва агледзець кожнага: стацыянарных хворых, тых, хто прыйшоў на прыём ці выклікаў “хуткую дапамогу” на дом.
Цікаўлюся, як прайшла адаптацыя да новага месца жыхарства ў карэннай віцяблянкі, гараджанкі, як кажуць, да мозга касцей.
– Адаптавалася, – усміхаецца Ірына. – Спачатку, вядома, былі пэўныя цяжкасці. Збірала мэблю, каб абставіць выдзелены мне дом: усё ж не прывязеш з Віцебска, які адсюль за дзве з паловай сотні кіламетраў. Не ведала, як прыжывуся ў калектыве. Але гэта праблема таксама хутка адпала: сустрэлі цёпла, зараз адчуваю сябе сярод медперсаналу сваёй. Асаблівая падзяка Ганне Іванаўне Кушаль, якая адразу ўзяла нада мной апеку: падказвала па-мацярынску, вучыла, дапамагала ва ўсім. І зараз заўсёды магу звярнуцца да яе. Увогуле, вясковае жыццё для мяне не ў навіну – часта бывала на канікулах у сваёй бабулі ў Гомельскай вобласці – і мне падабаецца яго размераны ход, блізкасць да прыроды. Дастаткова вольнага часу на любімыя справы, кнігі, Інтэрнэт, хатнія клопаты. Хаця ёсць усё ж такі і мінусы: дрэнна дабірацца дадому, няма сябровак, бо ўся моладзь павыязджала вучыцца, жыць і працаваць у гарады.
Ірына прызнаецца, што калі раней яна была не ў вялікім захапленні ад накіравання на працу ў вёску, ды яшчэ настолькі аддаленую ад роднага Віцебска, то зараз яе погляды змяніліся, і перспектыва работы ў сельскай мясцовасці яе больш не пужае. Бо справядлівая народная мудрасць: не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца. І ў першую чаргу – сваёй стараннасцю і адказнасцю да працы і адносінамі да людзей, у дадзеным выпадку, да калег і пацыентаў. Выдатніца і ў школе, і ва ўніверсітэце, Ірына Казімірава вельмі важнымі ў сваёй прафесіі лічыць дасведчанасць, кампетэнтнасць і вопыт, які паступова набываецца. Але ўсё ж самае галоўнае для ўрача, па яе словах, міласэрнасць, уменне суперажываць, цеплыня і ўвага ў адносінах да тых, хто давярае яму самае дарагое – сваё здароўе. Думаецца, гэтыя словы з’яўляюцца пацвярджэннем таго, што прафесія абрана правільна, малады спецыяліст знаходзіцца на сваім месцы і сапраўды ўпрыгожвае яго.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.