Ученица из Докшицкого района мечтает стать журналистом
Каця Крук (на здымку) – вучаніца Парплішчанскай школы. Яна скончыла толькі шосты клас, але ўжо дакладна ведае, што будучыню звяжа з журналістыкай. Самы любімы занятак дзяўчынкі – чытанне. Яшчэ да таго часу, як яна вывучыла літары і самастойна змагла знаёміцца са шматлікімі літаратурнымі героямі, Каця не выпускала з рук кнігі, якія дзяўчынцы штодзень чытала матуля.
– Для таго, каб стаць сапраўдным журналістам, – разважае дзяўчынка, – у першую чаргу, трэба ўмець выразна выказваць думкі. А для гэтага патрэбны вялікі слоўнікавы запас. Таму толькі чытанне і выратуе. Самы любімы мой прадмет у школе – гісторыя, які ў нас выкладае Ілона Курдзека. Ілона Аляксандраўна не проста настаўніца. Яна – сябар, дарадца, першы памочнік у любой справе. А колькі ў яе цікавых і пазітыўных задум і планаў, якія мы дапамагаем ёй рэалізаваць! Варта толькі наведаць любое школьнае мерапрыемства і ўбачыць усё на свае вочы.
Каця вельмі любіць спяваць і танцаваць, а таму з задавальненнем удзельнічае ў канцэртах, якія ладзяцца ва ўстанове адукацыі. Неаднаразова выступала яна і на раённай сцэне. У гэтым годзе на ХV фестывалі школьнай сатыры і гумару яе абралі “Міс КВЗ”. А як было не прыкмеціць вясёлую, жвавую, кемлівую дзяўчынку з дзвюма коскамі, якая так нагадвала пацешную Пэпі Доўгаяпанчоха?!
Імя Кацярыны Крук неаднаразова з’яўлялася на старонках раённай газеты “Родныя вытокі”: юнкар расказвала пра жыццё ў Парплішчанскай СШ.
Дзяўчынка з радасцю сустрэла доўгачаканыя летнія канікулы, бо вакацыі – добры час для знаёмства з новай літаратурай, якая абавязкова дапаможа ўзбагаціцца ведамі і наблізіць да мары.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.