В Докшицком районе поселилась сказка

Паўз гэтага доміка-церамка (здымак 1) у вёсцы Аўсянікі, бадай, ніхто не зможа абыякава прайсці-праехаць: ён здалёку вабіць яркімі фарбамі і нейкай казачнай лялечнасцю. Нават у самы пахмурны дзень з’яўляецца ўражанне, што над хаткай зіхаціць сонца. Ды і ўся сядзіба Дануты і Анатоля Вераб’ёў – астравок пазітыву, створаны іх уласнымі рукамі. І сагрэты – гэта перакананне ўзнікла пасля знаёмства з гаспадарамі – цеплынёй іх сэрцаў.

Г 123
Дана і Анатоль (здымак 2) – язык не паварочваецца называць па бацьку людзей з па-сапраўднаму маладым запалам – ужо больш за тры дзесяцігоддзі з’яўляюцца жыхарамі сталіцы. Там пазнаёміліся і пакахалі адзін аднаго, там у іх кватэра з сучаснай мэбляй і бытавой тэхнікай, там нарадзілася і вырасла дачка. Там, вядома, і працуюць: Анатоль – вадзіцелем на гарадскім аўтобусе, Дана – маляром ва УП “Мінгаз”. Але, па іх прызнанні, за ўсе гэтыя гады адарвацца ад зямлі і працы на ёй, ад вёскі з яе размеранымі рытмамі так і не змаглі. Цягне, вабіць, сніцца па начах.

Г 135
Аўсянікі – родная вёсачка Даны, а Анатоль родам з Лагойскага раёна. Але, сцвярджае, таксама прыкіпеў сэрцам да гэтых мясцін і з нецярпеннем чакае выхадных, каб паехаць на сваю “дачу”. Бясспрэчна, дачу сям’я магла б набыць і бліжэй, чым за паўтары сотні кіламетраў ад Мінска. І наведвацца туды гады ў рады, і не разбіваць там градкі, не будаваць цяплічкі: калі падлічыць усе затраты, уключаючы паліва, нашмат танней было б набываць садавіну-агародніну на рынку, ды і клопатаў менш. Але ж менавіта гэтыя клопаты і вабяць гарадскіх вяскоўцаў! І наведваюцца яны сюды па меры магчымасцей кожныя выхадныя, і адпачынак тут праводзяць, і нават узімку калі-нікалі заязджаюць.
Адным-двума здымкамі немагчыма перадаць хараство гэтага маленькага куточка зямлі. Фігуркі казачных герояў, якія Анатоль выразае з пластыку і размалёўвае самымі яркімі фарбамі, размясціліся на ўсіх сценах хаткі і нават на даху, а таксама на хлеўчуку, склепе. Паўсюль кветкі, садовыя кампазіцыі, выкананыя з розных падручных матэрыялаў. А ўнутры хаткі таксама вельмі хораша. Тут рэчы з мінулага стагоддзя ў суседстве з сучаснымі не ствараюць ніякага дысанансу, а, наадварот, удала спалучаюцца. Усюды адчуваюцца клапатлівыя рукі гаспадароў. Пакоі невялічкія, з нізкай столлю, а вось не ціснуць, не прыгнятаюць – цёпла, сонечна і ўтульна.
– Пяць хат у маіх Аўсяніках зараз, – уздыхае Дана. – У дзвюх жывуць пастаянна, а яшчэ дзве сям’і, як і мы, прыязджаюць. Але жывем усе дружна, ходзім адзін да аднаго ў госці. А вясковая цішыня і спевы птушак пасля гарадскога тлуму і мітусні – сапраўднае шчасце.
– Каб на работу тут можна было ўладкавацца, дык і зусім пераехалі б, – дадае Анатоль. – Нам удваіх вельмі добра і ніколі не сумна.
Гэтыя словы не выклікаюць ніякіх сумненняў, бо з першых хвілін знаёмства стала зразумела: у гэтай сям’і пануюць згода, узаемаразуменне і каханне. Каб толькі не падводзіла здароўе – і больш для шчасця, бадай, нічога ім і не трэба.
Сям’я Вераб’ёў шчыруе не толькі на сваёй сядзібе. Прыглядаюць за мясцовымі могілкамі, сочаць за парадкам каля крыжа ў пачатку вёскі. Анатоль садзіць насупраць дома цэлую алею воцатных дрэўцаў – увосень іх лістота афарбоўваецца ў вельмі прыгожы барвовы колер. А Дана да ўсяго яшчэ захапляецца карвінгам – разьбой па агародніне і фруктах – і нават стала фіналісткай конкурса Мінскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў. Лічыць: калі да справы ляжыць душа, для яе заўсёды знойдзецца час. Другое жыццё старэнькай напаўразрушанай бацькоўскай хаты, якое яна атрымала дзякуючы клопатам і любові Даны і Анатоля, – яскравае таму пацвярджэнне.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *