«Чистополье» перестает им быть?

 

 

 

 

Здымкі для гэтага артыкула былі зроблены ў час чарговага сумеснага рэйду з раённай экалагічнай інспекцыяй практычна ў межах райцэнтра. Іх адрас – урочышча Чыстаполле, ці Свістаполле, як яго часам называюць гараджане.

IMG_9108 IMG_9106
Месца, без перабольшвання, вядомае кожнаму дакшычаніну. Людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту з цеплынёй згадваюць, як некалі там была летняя сцэна, праводзіліся святы, збіраліся разам гараджане, а на Дзень моладзі ехалі ў Чыстаполле з усяго раёна.
Хлапчукі з бліжэйшых да ўрочышча вуліц, дзяцінства якіх прыпала на 80-90-я гады, бавілі там палову вольнага часу. Аматары спартыўнага ладу жыцця ў адзіночку ці з сем’ямі зімовай парой наразаюць кругі на лыжах, ды і горкі ў Чыстаполлі зімой ніколі не пустуюць.
Ёсць яшчэ адна прычына, па якой прываблівае гэта месца. Яно вельмі прыдатнае для пікнікоў: лес прыгожы, паляны светлыя і дабрацца можна пешшу.
Толькі ставіцца да яго наш народ пачынае выключна па-спажывецку: павесяліліся, пасмажылі шашлык і, пэўна, каб засведчыць сваю прысутнасць, пакідалі пасля сябе смецце. У спадзяванні на што? Ды ўсё ж на тое, што нехта міфічны прыйдзе і прыбярэ. Так яно і будзе, але як быць з уласным сумленнем. Ці дазволіць яно вярнуцца ў Чыстаполле зноў? Пэўна, дазволіць. Маўляў, лесу чыстага наўкола яшчэ хапае… Нам, можа, і хопіць, а вось ці захочуць у гэты бруд прыйсці нашы дзеці?
Каментуе начальнік раённай экалагічнай інспекцыі Вячаслаў Палянін:
— Сёлета за парушэнне заканадаўства аб звароце з адкідамі былі складзены 6 пратаколаў на суму амаль 7 мільёнаў рублёў (да дэнамінацыі). Штраф за гэта дзеянне пачынаецца ад 5 базавых велічынь. Зразумела, што досыць складана злавіць шкодніка, як кажуць, “за руку”. Калі казаць непасрэдна пра ўрочышча Чыстаполле, то за яго адказвае Докшыцкае лясніцтва. Менавіта яму мы накіравалі прадпісанне аб неабходнасці яшчэ раз прыбрацца за несумленнымі грамадзянамі. Хаця толькі вясной лясніцтва вывезла з гэтага месца два прычэпы смецця. Атрымліваецца парадаксальная рэч: смецяць адны, а прыбіраюць, як ужо склалася, другія. Няўжо трэба прыняць крайнія меры і ўвесці забарону на наведванне, каб людзі хоць крыху навучыліся цаніць тое, што маюць?
Здаецца, нагадваць Homo sapiens, чаму, як і куды трэба прыбіраць пасля ўласных забаў смецце, сорамна, бо гэта настолькі элементарна, што не патрабуе тлумачэння.
Уласная культура вымяраецца не толькі колькасцю прачытаных тамоў і вывучаных моў — яна ў рэчах значна прасцейшых, такіх, напрыклад, як кінутыя пад ногі паперкі.
Замест пасляслоўя:
Тлумачальны слоўнік трактуе паняцце «чыстаполле» «як адкрытае, шырокае месца, не зарослае кустоўем і расліннасцю». Што тычыцца апошняга, то час унёс свае карэктывы, і зараз расліннасці там хапае. А каб яно канчаткова пазбавілася складніка “чыста”, пастараліся людзі. Атрымліваецца, што Чыстаполле пакрысе перастае ім быць.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *