Если в пояс травы, то и корма на славу
Чуткі пра тое, што ў КУП “Докшыцкі” вырасцілі сёлета добрыя травы, дакаціліся і да рэдакцыі. Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць – мудрасць, правераная стагоддзямі. Таму кіруемся на палеткі каля вёскі Скудзуці, дзе поўным ходам ідзе работа па нарыхтоўцы кармоў: косяць Сяргей Зяваліч і Аляксей Харэвіч, з граблямі шчыруе Анатоль Мяховіч, зялёнай масай напаўняе МАЗы і трактары з “ПІМамі” Аляксандр Юнцэвіч на КВК. Тэхнікі на адвозцы нямнога: толькі чатыры адзінкі. Але закладваецца сянаж недалёка, і таму прастояў няма. Ведаюць сваю справу Аляксандр Цецеранкевіч, Валерый Баброўскі і Аляксандр Савіцкі. Да ўсяго дапамогу ў корманарыхтоўцы гаспадарцы аказваюць механізатары з СГФ “Бягомльскі”.
Восьмую траншэю сенажу пачалі тут закладваць. Калі спрыяе надвор’е, то на закладку ідзе прыкладна тры дні. Засталося правесці гэту работу ў Валодзьках і Літоўцах – і гаспадарка будзе забяспечана кармамі на ўвесь стойлавы перыяд. Па стане на 8 ліпеня ў КУП “Докшыцкі” нарыхтавана 1795 тон кармавых адзінак, што складае 57,6 працэнта да плана. Добры паказчык і нарыхтоўкі кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – 13,05 цэнтнера.
За ходам корманарыхтоўкі пільна сочыць малады аграном гаспадаркі Наталля Пракаповіч (на здымку). Наташа атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці “агранамія” ў Мар’інай Горцы, але на дасягнутым не спынілася. Зараз яна студэнтка Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, працягвае атрымліваць веды па выбранай галіне, а гэта значыць, выбар яе зусім не выпадковы. Галоўным аграномам у “Докшыцкім” яна працуе другі год, жыве ў вёсцы Верацеі
разам з матуляй і татам, які, дарэчы, шмат гадоў ужо працуе механізатарам у гаспадарцы. Наташа прызнаецца, што напачатку было страшнавата: як прыжыцца ў калектыве, як прымяняць атрыманыя веды на практыцы, як не нарабіць па нявопытнасці памылак? Усе страхі хутка развеяліся: сустрэлі маладога спецыяліста цёпла, прыязна, “фронт работы”, дзякуючы падказкам і парадам, хутка асвоіла і зараз адчувае сябе калі не як рыба ў вадзе, то дастаткова ўпэўнена. Вельмі ўдзячна дзяўчына дырэктару Аляксею Мікалаевічу Асаёнку, які штодзённа вучыць, накіроўвае, дапамагае, тактоўна ўказвае на недахопы і заўжды адзначае поспехі.
– 5003 тоны сенажу ў нас закладзена на сённяшні дзень, – распавядае Наталля. – Сена нарыхтавалі 655 тон, але гэтага, улічваючы таксама і патрэбы насельніцтва, яшчэ недастаткова. Думаю, мы без асаблівых цяжкасцей нарыхтуем неабходную колькасць, бо травы ў нас сапраўды выраслі добрыя. Праводзілася перазалужэнне, на залужаных балотах каля Слабады і Літоўцаў яны густыя і ў пояс. З планам першага ўкосу мы ўжо практычна справіліся – скошана 1062 гектары, а работы ж яшчэ не завершаны.
Што ж, нарыхтоўка неабходнай колькасці якасных кармоў – звяно немалаважнае ў ланцугу сельгасработ. Ёсць падставы спадзявацца, што сёлета ў КУП “Докшыцкі” яно не стане слабым.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага.