В Докшицком доме ремёсел открылась выставка порплищанских мастеров
З 5 ліпеня па 5 жніўня раённы Дом рамёстваў запрашае аматараў мастацтва і творчасці на выставу “Падарожжа ў свет цудоўнага”. На ёй прадстаўлены шматлікія работы самабытных майстроў Парплішчанскага сельсавета. Вышыўка, ткацтва, вязанне, шыццё, пляценне – невялічкі пералік тэхнік, якія падуладныя мясцовым дарослым і дзецям.
Прыцягваюць увагу мудрагелістыя ўзоры вязаных кручком сурвэтак Надзеі Жызнеўскай, вышываныя сурвэткі і тканыя ручнікі Соф’і Толкач, вязанае адзенне Тамары Каралёнак. Уражваюць цеплынёй і пяшчотай вышываныя работы Марыны Таляронак. Для сваёй работы “Снегіры” майстрыха выбрала ніткі пастэльных колераў. Нягледзячы на тое, што на карціне зімовая пара, адчуваецца замілаванасць і цеплыня. Да таго ж Марына яшчэ добра валодае спіцамі і кручком. Пра гэта сведчаць прадстаўленыя на выставе вязаныя рэчы.
Упрыгожваюць выставачную залу Дома рамёстваў і работы Наталлі Яцкоўскай. Яркімі незвычайнымі кветкамі вышывае яна ручнікі, навалкі, сурвэткі, абрусы. Вывязвае з рознакаляровых мяшкоў для смецця не толькі дыванкі, але і сумкі, якія могуць аздобіць касцюм любой модніцы. Вельмі прыгожай атрымалася ў Наталлі лялька “Дамавік”, выкананая ў тэхніцы шыцця.
Захапляюць вытанчанасцю выканання і прыгажосцю пано з бісеру і саломкі кіраўніка клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Докша” Раісы Шыталь, якая таксама родам з Парплішчанскага краю.
Шмат работ на выставе прадстаўлена юн
ымі ўдзельнікамі мастацкага гуртка Парплішчанскага СДК “Сямікветка”, якім кіруе Алена Камінская. Асабліва падабаецца дзецям ствараць цікавыя і незвычайныя работы з паперы: кошыкі, кветкі і нават грыбы, якія выглядаюць даволі натуральна.
У Доме рамёстваў заўсёды рады народным майстрам. Калі ў вас ёсць здольнасці і вы хочаце падзяліцца сваім уменнем з іншымі, калі ласка, прыходзьце. Калі ж вы зацікаўлены ў авалодванні новымі тэхнікамі, то можаце запісацца на майстар-клас да майстроў па тэлефоне 2-12-30.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.