В Докшицком районе продолжается уборочная кампания
Дванаццаць экіпажаў камбайнераў вывелі на ўборачную сваю тэхніку ў ААТ “Барсучанка”. Пад вечар у чацвер сем камбайнаў былі заняты на ўборцы ячменю ў Турках, пяць – жалі жыта каля вёскі Чырвонае Беразіно. Там жа мы сустрэлі галоўнага агранома гаспадаркі Андрэя Альхімёнка.
– Пяты дзень ужо працуем, – распавёў Андрэй Іосіфавіч. – Убралі збожжавыя на плошчы 250 гектараў, агульны намалот склаў 493 тоны. Падрыхтаваліся да жніва, здаецца, як належыць, прадумалі ўсё да драбніц, бо вырашчанае патрэбна ўбраць хуткімі тэмпамі і без страт. Праўда, нябёсамі пакіраваць не можам, вось і выкарыстоўваем кожную пагодлівую хвілінку. Ураджай азімых культур у нас лепшы, на яравыя ж моцна паўплывала засуха. Задаволены азімым рапсам – 28 цэнтнераў з гектара атрымалі: на 65 гектарах намалацілі 188 тон. На жніве ўсе механізатары стараюцца, складана нават пакуль назваць прозвішчы лепшых – лідараў пакажа час. Камбайны адрэгуляваны: іх герметызацыю правялі загадзя ў майстэрні, а зазоры ў барабанах, вентылятары настройвалі ўжо непасрэдна на ніве. Так што зерне прасыпацца не будзе.
Адзін з камбайнаў прыпыняецца, і старшы камбайнер Аляксандр Закрэўскі з памочнікам Вадзімам Сіўцэвічам бяруцца за рамонт (на здымку справа налева).
– Бачыце, “пята” на нажы выйшла са строю, – тлумачыць Аляксандр, не адрываючыся ад работы. – Нічога страшнага, гэту паломку мы ліквідуем умомант. Дэталь у запасе ў мяне ёсць.
Няма сумненняў, у вопытнага Закрэўскага, неаднаразовага “тысячніка”, ёсць усё неабходнае: і запчасткі, і набор ключоў, а галоўнае – веды і практыка. Сёмая ўборачная па ліку ў механізатара, сёмы год яго камбайну – ён патрабуе асаблівага клопату, бо “стаж” для такой тэхнікі гэта ўжо немалы. Тут ёсць чаму павучыцца паплечніку Вадзіму, сёлетняму выпускніку Глыбоцкага ліцэя, дыплом якога сведчыць аб набытай прафесіі трактарыста-машыніста. Ды і пэўны вопыт у Вадзіма таксама маецца: як-ніяк чацвёрты год ужо працуе на ўборачнай. Расце змена!
Адказна аднесліся ў гаспадарцы і да падрыхтоўкі тэхнікі, занятай на перавозцы зерня з поля на ток. Ушчыльнены кузавы МАЗаў і прычэпы трактароў, нарошчаны барты. І хоць да сушылак, адна з якіх знаходзіцца ў Барсуках, а другая – у Порплішчы, іншым часам адлегласць дастаткова значная, затрымак з перавозкай не бывае. Адзін толькі Іван Аляхновіч на сваім МАЗе з прычэпам перавозіць за адзін рэйс сем бункераў зерня. І на сушылках збожжа не залежваецца. Тое, што зжынаецца за дзень, даводзіцца да ладу за суткі.
Заклубіўся пылок на дарозе – прывезлі падвячорак. Тут гэта гарачая другая страва і, як жартуе галоўны аграном, дэсерт: чай або кампот з булачкай. Адзін за адным “падплываюць” камбайны да аўтамабіля, падыходзяць механізатары. Іх чакаюць вадзіцель Віталь Курыляк і раздатчыца Таццяна Гапанёнак. Камбайнеры хуценька вячэраюць і зноў садзяцца за штурвалы сваіх сухапутных караблёў. Удалага ім “плавання” на хлебнай ніве!
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.