Гости «Фестиваля двух рек» в Докшицком районе
Народная эстрадная студыя аўтарскай песні «Імпэт»,
Вілейскі раён
Эстрадная студыя аўтарскай песні “ІМПЭТ”заснавана на пачатку 2000 года. Вершы-песні Галіны Кутас сталі асновай творчасці аматарскага калектыву. Дарэчы, яна ж з’яўляецца нязменным кіраўніком студыі. У красавіку 2003 года калектыву было прысвоена званне “народны”. Кожныя тры гады “Імпэт” рыхтуе новую канцэртную праграму з 12 аўтарскіх песень і паспяхова пацвярджае гэтае званне.
Сёння сярод аўтараў калектыву эстраднай песні – сямейнае трыа Кутасаў. Напрыканцы 2011 года сям’я Кутасаў рызыкнула ўдзельнічаць у Рэспубліканскім конкурсе на Нацыянальную музычную прэмію ў галіне эстраднага мастацтва і паспяхова прайшла адбор у намінацыю ”Аўтарскі дэбют. Новае імя.”
У рэпертуары калектыву 65 аўтарскіх песень на беларускай і рускай мовах. На працягу свайго існавання калектыў выпусціў 2 аудыёкасеты, камплекты і экземпляры кампакт-дыскаў, 2 музычныя альбомы, а таксама кнігі паэзіі і вершаў.
“Імпэт” — пастаянны ўдзельнік фестываляў беларускай песні і паэзіі ў г. Маладзечна, рэгіянальнага свята-конкурсу майстроў лозапляцення “Лазовыя карункі”. У 2008 годзе “Імпэт” прымаў удзел у міжрэгіянальным конкурсе самадзейных паэтаў і кампазітараў ”Песні сунічных бароў” у г. Ліёзна Віцебскай вобласці, дзе Г.В. Кутас атрымала дыплом лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі “Лепшы музычны твор”, у 2011 годзе – у Рэспубліканскім свяце “Дажынкі-2011”. “Імпэт” – удзельнік усіх канцэртных праграм, якія ладзяцца ў Вілейскім ГДК да розных знакавых мерапрыемстваў Вілейскага раёна. Удзельнікі калектыву з’яўляюцца членамі народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” Дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”.
Народны жаночны хор «Беразіначка»,
Лепельскі раён
Хор “Беразіначка” быў створаны на базе Бярэзінскага біясфернага запаведніка ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Гэта быў час росквіту харавога жанру ў самадзейнасці, і калектыў меў мужчынскую групу, колькасць удзельнікаў якой дасягала 60-ці чалавек. Па манеры выканання хор заўсёды быў акадэмічным. У 80-х гадах “Беразіначка” “згубіла” мужчынскія галасы і набыла цяперашнюю назву. У 1996 годзе калектыў атрымаў званне “народны”. Хор у складзе васямнаццаці чалавек трымае добрую творчую форму і на сённяшні дзень з’яўляецца адзіным самадзейным акадэмічным хорам у межах раёна.
У творчай скарбонцы хору дэманстрацыя беларускіх абрадаў “Каляды”, “Багач”, “Троіца”, “Купалле” з песнямі, гульнямі і майстар-класам па танцах. Паколькі калектыў дзейнічае на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка, то гледачамі шматлікіх выступленняў часта бываюць розныя замежныя дэлегацыі.
У 1998 і 2003 гадах “Беразіначка” выступала ў Кампеноскім нацыянальным парку (Польшча). У 2012 годзе хор удзельнічаў у фестывалі пісьменнасці, які традыцыйна праходзіць у Полацку. “Беразіначка” з’яўляецца дыпламантам Рэспубліканскага конкурсу-фестывалю харавых калектываў і міжнароднага конкурсу “Браслаўскія харавыя асамблеі”. Неаднаразова калектыў станавіўся дыпламантам Міжнароднага фестывалю традыцыйных культур “Браслаўскія зарніцы”. У гэтым годзе хор выступаў у Віцебску на Калядным фестывалі духоўнай музыкі.
У складзе калектыву дзейнічаюць вакальныя дуэты, трыа, квартэты. Шмат гадоў яго акампаніятарам з’яўляецца баяніст Аляксандр Несон. З 1997 года хорам кіруе Алена Пракаповіч.
Народны ансамбль песні «Лявоніха», Бярэзінскі раён
«Лявоніха» – гэта таленавіты ансамбль песні, вядомы далёка за межамі родных мясцін. Калектыў быў створаны ў 1965 годзе. У 1970 годзе яму было прысвоена ганаровае званне “народны”.
За час існавання калектыў прайшоў вялікі творчы шлях. У яго рэпертуары не толькі беларускія, але і рускія, украінскія народныя песні. “Вясельны абрад” у выкананні народнага ансамбля песні “Лявоніха” карыстаецца вялікім попытам падчас правядзення святочных рэгістрацый шлюбу. Выступленне бярэзінскіх аматараў песні запісана на рэспубліканскім радыё і телебачанні. Ансамбль удзельнічае ў многіх раённых і абласных мерапрыемствах. Сярод іх – абласны фестываль народнай творчасці “Напеў зямлі маёй” у г. Мар’іна Горка, рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва “Пеўчае поле” на Мядзельшчыне , фальклорнае свята “Слуцкія паясы” ў г. Слуцку. Выступала “Лявоніха” з канцэртамі ў Расіі, Грузіі, Літве.
Зараз народным ансамблем песні “Лявоніха” кіруе Дана Гурэнчык. У мастацкага кіраўніка шмат розных задумак, сваё асаблівае бачанне развіцця калектыву. “Лявоніха” па-ранейшаму з лёгкасцю і аптымізмам адпраўляецца ў дарогу не толькі па Бярэзінскім раёне, а і па ўсёй Беларусі, каб прыняць удзел у розных фестывалях і святочных мерапрыемствах.
Народны вакальна-эстрадны ансамбль «Белые зори»,
Барысаўскі раён
Калектыў створаны ў 2004 годзе. У лютым 2007 года ансамблю прысвоена званне “народны”. Асноўны накірунак, у якім ён працуе, – вакальна-эстрадны. Сёння ў складзе калектыву шэсць таленавітых маладых вакалістаў. У іх рэпертуары – аўтарскія творы кіраўніка ансамбля Сяргея Іванісава, мясцовых кампазітараў Уладзіміра Хмяльніцкага і Юрыя Грышкова, хармейстра ансамбля Святланы Лябзяк, а таксама папулярныя эстрадныя беларускія, украінскія і рускія песні, англамоўныя зарубежныя хіты. Кіраўнік ансамбля аранжыруе песенныя кампазіцыі, стварае фанаграмы і вакальныя партытуры для ўдзельнікаў, займаецца запісам песень ва ўласнай студыі. Дзякуючы яго творчым намаганням калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, дасягае высокага выканаўчага сцэнічнага майстэрства, заваёўвае ўзнагароды.
“Белые зори” неаднаразова ўдзельнічалі ў міжнародным фестывалі беларускай песні “Сяброўская бяседа”, які штогод праходзіць у Падляскім ваяводстве (Рэспубліка Польшча). Выступаў народны ансамбль у горадзе-пабраціме Нарва (Эстонская Рэспубліка). Па выніках IV Міжнароднага фестывалю-конкурсу сцэнічнага майстэрства “Южная звезда” ў расійскім горадзе Растове-на-Доне калектыў атрымаў Гран-пры ў намінацыі “эстрадны вакал” і быў узнагароджаны памятным медалём і спецыяльным прызам фестывалю.
Ансамбль “Белые зори” – Дыпламанат ХІІ Рэспубліканскага конкурсу маладых эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд” (г. Жодзіна, 2013 г.), фіналіст тэлепраекта СТВ “Поющие города” (г. Мінск, 2013 г.).
Народны ансамбль народнай песні «Добры настрой»,
Бабруйскі раён
Ансамбль народнай песні «Добры настрой» пачаў сваю творчую дзейнасць у 1987 годзе. У 1994 годзе ён атрымаў ганаровае званне “народны аматарскі калектыў”. Кіраваў калектывам у той час А.М. Сарокін. З 1997 года і па сенняшні час ансамблем кіруе Вера Філіпчык.
За апошнія тры гады канцэртная дзейнасць калектыву значна пашырылася. Ансамбль “Добры настрой” – часты госць у вёсках, на жывёлагадоўчых комплексах, малочнатаварных фермах Бабруйскага раёна. Калектыў удзельнічае не толькі ў мясцовых святах, але і радуе сваім майстэрствам жыхароў іншых населеных пунктаў.
У 2007 годзе ансамбль “Добры настрой” атрымаў права прадстаўляць Бабруйскі раён на XIV Рэспубліканскім фестывалі “Дзень славянскай пісьменнасці” ў Шклове, у 2009 і 2015 гадах – на фестывалях народнай творчасці “Веснавыя колеры” ў Асіповічах. Таксама ансамбль з’яўляецца актыўным удзельнікам фестывалю народных промыслаў і рамёстваў «Глушанскі хутарок».
У 2012 годзе калектыў святкаваў свой 25- гадовы юбілей. У ім побач з ветэранамі прыняла ўдзел і моладзь, якая прыйшла на змену вопытным артыстам.
У 2015 годзе салiсты ансамбля ўдзельнічалі ў 7-м фестывалі здароўя і творчасці «Кропелькі дабра ў моры здароўя». У скарбонцы ансамбля ёсць узнагарода з Рэспублiканскага фестывалю нацыянальных культур.
У горадзе Бабруйску ўдзельнікі ансамбля з вялікім задавальненнем выступаюць на пляцоўках прадпрыемстваў і арганізацый з нагоды прафесійных святаў.
Народны ансамбль народнай песні «Весялухі»,
Светлагорскі раён
Народны ансамбль народнай песні “Весялухі” быў створаны ў 1988 годзе. У 1994 годзе ён атрымаў званне “народны”. Узрост удзельнікаў калектыву — ад 17 да 30 гадоў. У яго складзе – навучэнцы школ і моладзь горада Светлагорска. Кіраўніком гурта з’яўляецца Юлія Валовіч.
Асноўная задача дзейнасці народнага ансамбля “Весялухі” – уменне данесці да гледачоў прыгажосць, меладычнасць песень і абрадаў Светлагорскага краю, іх ідэйную накіраванасць. У рэпертуары ансамбля беларускія народныя песні, песні Светлагоршчыны, а таксама творы вядомых аўтараў і кампазітараў Рэспублікі Беларусь. “Весялухі” вядуць актыўную творчую і канцэртную дзейнасць: удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў ГУК “Светлагорскі цэнтр народнай творчасці”, а таксама ў раённых святах, тэматычных вечарах. У 2015 годзе народны ансамбль прымаў удзел у абласным аглядзе-конкурсе вакальных ансамбляў і ансамбляў народнай песні са званнем “народны аматарскі калектыў”, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у якім заняў трэцяе месца.
У 2015 годзе народны ансамбль народнай песні “Весялухі” падрыхтаваў і правёў больш за 30 канцэртаў мастацкай самадзейнасці ў горадзе і раёне.