Палаточный лагерь «Исток» объеденил молодёжь Докшицкого района
Моладзь раёна зноў аб’яднаў валанцёрскі палатачны лагер “Выток”. Юнакі і дзяўчаты з Докшыц, Бярозак, Пруднікаў і нават Мінска выбралі актыўны, карысны адпачынак, уладкаваўшыся на ўлонні прыроды на перыяд з 30 ліпеня па 7 жніўня. Многія з іх у лагеры не ўпершыню. Напрыклад, мінчанка Дар’я Старычонак кожнае лета прыязджае на канікулы да бабулі ў Бярозкі. У мінулым годзе яна ўжо жыла ў “Вытоку”. Сёлета, адразу па прыездзе са сталіцы, запісалася ў палатачны лагер, у якім, па яе словах, вельмі весела і цікава. Таксама сярод валанцёраў-старажылаў – Ірына Перапечка з Бярозак і Дзмітрый Бобрык з Пруднікаў, якія вось ужо трэці год сумяшчаюць працу і адпачынак ля вытоку ракі Бярэзіна.
– Няма нічога лепшага, чым баўленне вольнага часу з сябрамі на прыродзе,– сцвярджае яшчэ адна актывістка БРСМ дакшычанка Дар’я Міснік. – Мы разам уладкоўваем свой быт, працуем. Бачылі б вы, якія сталы, лаўкі і навес змайстравалі ў гэтым годзе нашы хлопцы! Цяпер нават у дождж можна не хавацца па палатках. У нас ёсць шмат настольных гульняў, мяч для валейбола, дартс. Мінчанка Даша добра іграе на гітары, таму кожны вечар мы спяваем песні ля вогнішча і ладзім своеасаблівыя дыскатэкі пад жывую музыку.
Частыя госці ў рабят – дзядуля і бабуля, якія жывуць непадалёку ад месца моладзевай дыслакацыі. Яны, калі трэба, дапамагаюць юнакам і дзяўчатам неабходнымі рэчамі і карыснымі парадамі. А ў адзін з дзён зладзілі сапраўдны банкет: пачаставалі моладзь дранікамі.
Задаволены зменай выхавацелі лагеру Наталля Бобрык і Вераніка Плюта: хлопцы і дзяўчаты сабраліся добрыя, актыўныя, самастойныя.
Лагер “Выток” – валанцёрскі, а гэта значыць, што “вытокаўцы” не толькі адпачываюць, але яшчэ і працуюць. Сёлета яны добраўпарадкоўваюць тэрыторыю ля ЦРБ (на здымку), а таксама дапамагаюць навесці парадак у парку ля гарадскога возера, дзе адбудуцца асноўныя мерапрыемствы “Фестывалю дзвюх рэк”.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.