Уборочная компания в Докшицком районе в самом разгаре
Ад пачатку ўборачнай кампаніі ААТ “Таргуны” ўпэўнена трымае другое месца ў раёне сярод гаспадарак і арганізацый АПК, якія займаюцца вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, уступаючы толькі ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Па стане на 4 жніўня ў гаспадарцы ўбраны збожжавыя на плошчы 1361 гектар, што складае 31 працэнт ад пасеянага. Намалочана 4151 тона зерня, а ўраджайнасць складае 30,5 ц/га.
Дзесяць экіпажаў камбайнераў заняты на ўборцы і столькі ж адзінак тэхнікі на адвозцы. Да двух МТЗ-3022 сёлета падчапілі МАЗаўскія прычэпы, што дазволіла перавозіць за адзін рэйс чатыры бункеры зерня (прыкладна 20 тон). Выявіліся ўжо і лідары. Сярод камбайнераў тут трымаюць першынства Юрый Малюжанец і Аляксандр Аксючыц – на рахунку кожнага ўжо па 673 тоны намалочанага збожжа. На адвозцы найвышэйшых паказчыкаў дасягнуў мінулагодні пераможца раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў Анатоль Трус – 912 тон. Не нашмат адстае ад старэйшага таварыша таксама “тытулаваны” Віктар Раткевіч: ён перавёз 833 тоны.
Няма сумненняў, яшчэ да падвядзення вынікаў першай дзесяцідзёнкі ў раёне вызначацца камбайнеры-“тысячнікі”. І з такой жа ўпэўненасцю можна сцвярджаць, што сярод іх будуць экіпажы з ААТ “Таргуны”.
У чацвер практычна ўся тэхніка ў гаспадарцы была занятай на ўборцы збожжа каля Тумілавіч і Дубавога. І толькі Вячаслаў Аніковіч з памочнікам Аляксеем Баранавым (здымак 1) жалі ячмень ва ўрочышчы Янова. Туды мы і накіраваліся разам з галоўным аграномам Аляксеем Каротчыкам. Вячаслаў Іванавіч, які ў прадстаўленні не мае патрэбы, – яго ведае ўвесь раён, ды і ў вобласці імя на слыху – якраз прыпыніўся, каб выгрузіць намалочанае зерне. Яго паплечнік, камбайнер Аляксей Баранаў, вучыцца ў Мінску на чыгуначніка, у хуткім часе стане памочнікам машыніста. З Аніковічам працуе ўпершыню. Хоць паміж камбайнам і цягніком, здаецца, няма нічога агульнага, тым не менш атрыманы вопыт пры такім настаўніку дарагога варты.
На загрузку пад’язджае Анатоль Трус (здымак 2). Хвілінка – і збожжа сыплецца ў кузаў з нарошчанымі і ўшчыльненымі, каб ні зярнятка не прапала, бартамі залацістым зерняпадам. Нездарма, мабыць, выспелыя каласы маюць колер золата, бо, урэшце, па жыццёвай патрэбнасці, па значнасці і складанасці хлебаробскай працы “золата нівы” ацэньваецца нашмат даражэй, чым усім вядомы каштоўны метал. Той, хто перажыў голад, хто ведае цану кавалачка хлеба, пацвердзіць, што гэта не высокія словы, а ісціна, правераная стагоддзямі. Працаўнікам жа сяла зараз не да філасофскіх разважанняў. Усталявалася больш-менш надвор’е, жытнія і ячменныя каласы ўсё ніжэй хіляць галовы, значыць, трэба рупіцца з уборкай, бо не той хлеб, што ў полі, а той, што ў засеках.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.