Юбилей празднует известный наш земляк Фёдор Полочанин

Изображение 171Докшыччына. Край блакітных азёр і неабсяжных прастораў, запаведных лясоў і пойменных лугоў, радзіма таленавітых і знакамітых ва ўсім свеце людзей.
У адным з самых маляўнічых куткоў Беларусі, у в. Чаркасы, у сям’і сельскіх працаўнікоў нарадзіўся Фёдар Палачанін.
Яго першымі і найлепшымі настаўнікамі ў жыцці былі бацькі – Антон Іванавіч і Ніна Сяргееўна. Гэта былі вельмі сумленныя, шчырыя, працавітыя і таленавітыя людзі. Маці ведала вельмі многа песень і цудоўна іх спявала. Бацька добра ўмеў іграць на гармоніку і валодаў прыродным талентам расказчыка. Фёдар у дзіцячыя і юнацкія гады захапляўся маляваннем, любіў слухаць народныя песні і музыку, шмат чытаў мастацкай літаратуры. Вучыўся ў Чаркаскай пачатковай, затым Лісавіцкай васьмігадовай, Сітцаўскай сярэдняй школах.
У 1974 годзе завочна скончыў філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. Многа гадоў Фёдар Антонавіч адпрацаваў у адукацыі – прайшоў шлях ад настаўніка пачатковай школы да намесніка начальніка аддзела адукацыі Докшыцкага райвыканкама.
У канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя Палачанін пачаў актыўна і паспяхова займацца літаратурнай дзейнасцю. Яго пяру належаць кнігі і калектыўны альманах “Дзвіна”. Віцебшчына літаратурная”. Першая кніга пісьменніка, якая выйшла ў 1998 годзе, – “Расплата за нелюбоў”. У яе ўвайшлі дзве камедыі і адна меладрама.
У 2001 годзе выйшла з друку яшчэ адна кніга — “Недаспяваная песня”, прысвечаная памяці ваеннаслужачых, якія загінулі ў мірны час пры выкананні службовых абавязкаў. Аўтар кнігі становіцца Ганаровым членам Рэспубліканскага камітэта Беларускай грамадскай арганізацыі салдацкіх маці і атрымлівае Ганаровую грамату Беларускай грамадскай арганізацыі салдацкіх маці.
Адна за адной выходзяць іншыя кнігі Фёдара Палачаніна: “Белы абрус” (2002 год), “Урок на ўсё жыццё”, “Не свая віна” ( 2003 год), “Недаспяваная песня ў сэрцы гучыць”; “Вяртанне да першачысціні” (2004 год). У 2005 годзе на абласной выставе-конкурсе літаратурных матэрыялаў кніга “Недаспяваная песня ў сэрцы гучыць” была адзначана дыпломам І-й ступені ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама. У гэтым жа годзе выходзяць кнігі “Пазычанае шчасце” і “Нявыпраўленая памылка”.
“Школьнікам аб праваслаўнай веры” (2006) і “Голас сумлення” (2008) – кнігі драматурга, прасякнутыя рэлігійнымі матывамі. За “Голас сумлення” аўтару прысуджана літаратурная прэмія імя Уладзіміра Караткевіча. З 2006 года Фёдар Антонавіч з’яўляецца членам “Саюза пісьменнікаў Беларусі”. За працу па тэме духоўнага адраджэння ён узнагароджаны Ганаровай граматай Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Памятнымі Знакамі “2000 год хрысціянству”, “Прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай”, “Свяціцеля Мікалая Цудатворца”.
Роднай зямлі, яе цудоўным краявідам, народнай гаспадарцы, нашым землякам, гісторыі і сучаснасці прысвечана кніга “Докшыцкі край”, якая выйшла ў выдавецтве “Беларусь” у 2009 годзе.
Гісторыі Докшыцкага краю
Я кланяюся зноў і зноў
Глыбока яе паважаю –
Гэта ж мудрасць
нашых дзядоў.
За гэту кнігу Фёдар Антонавіч атрымаў званне Лаўрэата рэспубліканскага літаратурнага конкурсу ”Лепшы твор 2009 года”. У 2012 годзе выходзіць з друку кніга “Даравальная нядзеля”, у 2014 — “Дарога ў неба”, а ў 2015 — “Маўклівая любоў”.
“Зраненае сэрца” – такую назву мае кніга нашага земляка, якая выйшла нядаўна ў выдавецтве “Кнігазбор”. У ёй 3 кінасцэнарыі і 9 п’ес. Усе творы вызначаюцца актуальнасцю праблем, жыццёвай праўдзівасцю. У іх асуджаецца крывадушша і фальш, п’янства і крыўда, здрада і маральная разбэшчанасць, паказаны складаныя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, пошукі шчасця і кахання. У аснову трагедыі “Сцяпан і Вяльяна” пакладзена легенда пра Сцёп-камень, які знаходзіцца ў Докшыцкім краі.
Многія творы аўтара маюць сцэнічнае ўвасабленне. У 2009 годзе Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ажыццявіў пастаноўку спектакля па п’есе “Пазычанае шчасце”. Рэдакцыяй літаратурна-драматычных праграм Беларускага радыё па п’есах “Расплата за нелюбоў” і “Спытай сэрца сваё” былі падрыхтаваны радыёспектаклі, а паводле кнігі “Недаспяваная песня” – радыёкампазіцыя “Красуйся, бярозка, расці!”
Са спектаклямі Палачаніна-драматурга ў нашым раёне знаёмы многія. Докшыцкім народным тэатрам пастаўлены спектаклі па яго п’есах “Расплата за нелюбоў” і “Не свая віна”, а гурткоўцамі школьнага драматычнага тэатра — спектакль па п’есе “Сцяпан і Вяльяна”. Фёдар Антонавіч і сам паспяхова выступаў на тэатральных падмостках у Докшыцкім раённым тэатры з 1980 года. У 1995 годзе атрымаў званне артыста народнага тэатра. У яго акцёрскай скарбонцы аканом Падхалюзін з п’есы А. Астроўскага “Свае людзі – паладзім”, пан Быкоўскі з камедыі Янкі Купалы “Паўлінка”, Міхалка са спектакля “Міхалка” Далецкіх, Алькальда ў “Чароўнай башмачніцы” Гарсія Лоркі, намеснік міністра Міралюбаў у сатырычнай камедыі М. Матукоўскага “Мудрамер”, дырэктар інстытута Гарлахвацкі ў камедыі К. Крапівы “Хто смяецца апошнім”, войт Навум з “Ідыліі” Дуніна – Марцінкевіча, Васіль з “Расплаты за нелюбоў”.
Фёдар Антонавіч з’яўляецца аўтарам трох кінасцэнарыяў: “Галалёд”, “Ветразь надзеі”, “Зраненае сэрца”, якія былі адзначаны стыпендыяй Міністэрства культуры. А за кінасцэнарый “Ветразь надзеі” на рэспубліканскім конкурсе Палачанін атрымаў заахвочвальную прэмію Міністэрства культуры, Саюза пісьменнікаў і Саюза кінематаграфістаў.

В. ХІЛЬКО,
бібліёграф ЦБС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *