Как правильно перепланировать и перестроить своё жильё

78Складана знайсці хаця б адзін шматкватэрны жылы дом, у якім бы не праводзілася перапланіроўка ці перабудова кватэр. Пры гэтым нярэдкімі з’яўляюцца разважанні грамадзян падобнага кшталту: “Калі мы ўласнікі, дык можам рабіць у сваёй кватэры ўсё, што пажадаем”. Так гэта ці не? Аб правядзенні перабудовы і перапланіроўкі жылля расказвае начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Ігар Жалейка.

– Шматкватэрны дом – гэта складаны комплекс інжынерных канструкцый і сістэм. Яго праектуюць і ўзводзяць з захаваннем тэхнічных, санітарных, супрацьпажарных і іншых нормаў. Менавіта таму любыя змены могуць прывесці да таго, што парушыцца работа адной з сістэм у кватэры, дзе ўласнікі займаліся самавольнай перапланіроўкай, у іх суседзяў, ды і ва ўсім доме ў цэлым.
Пералік работ, якія адносяцца да перабудовы і перапланіроўкі, зацверджаны Пастановай Саўміна ад 16.05.2013 № 384. Калі больш падрабязна, то гэта замена ці перанос сістэмы газазабеспячэння, цэнтральнага ацяплення, смецця- і газавыдалення, уладкаванне гідра-, пара-, цепла- і гукаізаляцыі, змены ў нясучых канструкцыях, абуладкаванне ці павелічэнне праёмаў у нясучых сценах і перагародках. Да перабудовы і перапланіроўкі адносяцца таксама змены плошчы і колькасці жылых пакояў і падсобных памяшканнях, якія адбываюцца дзякуючы разборцы тых, што маюцца, і ўзвядзенні новых перагародак. Падобныя работы тычацца таксама і ізаляваных нежылых памяшканняў.
Для правядзення ўсіх вышэйзгаданых работ патрэбна абавязковае ўзгадненне з Докшыцкім райвыканкамам. А на некаторыя з гэтых відаў работ – яшчэ і распрацоўка праектнай дакументацыі. Праект патрабуецца на замену і перанос газазабеспячэння, цэнтральнага ацяплення, смецця- і газавыдалення, абуладкаванне гідра-, пара-, цепла- і гукаізаляцыі, змены ў нясучых канструкцыях. Гэтыя работы ў жылых дамах вышынёй да 7 метраў можа праводзіць сам ініцыятар. А вось у жылых дамах вышынёй звыш за 7 метраў работы праводзяцца толькі па дагаворах будаўнічага падраду з юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія маюць права на ажыццяўленне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці.
Перабудову і перапланіроўку весці нельга, калі парушаюцца будаўнічыя, супрацьпажарныя, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, а таксама заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Нельга весці работы, якія прывядуць да зніжэння нясучай магчымасці грунтоў асноў фундаментаў і іх канструкцый, калон, сцен, балак, перакрыццяў, апор, дахаў, а таксама парушэння гідра-, пара-, цепла- і гукаізаляцыі, бія- і вогнетрываласці нясучых канструкцый і тых канструкцый, якія агароджваюць. Нельга займацца перапланіроўкай, якая вядзе да парушэння рэжыму работы сістэм дыма- і газавыдалення, а таксама парушэння і пагаршэння параметраў работы інжынерна-тэхнічнага абсталявання дома ці асобных памяшканняў, а яшчэ ў жылых дамах, якія прызнаны не адпаведным для пражывання і не належаць узнаўленню. Забаронена праводзіць падобныя работы на вентыляцыйных шахтах і каналах, рабіць з балконаў і лоджый памяшканні, якія ацяпляюцца.
Забароненымі з’яўляюцца работы, якія звязаны з абуладкаваннем жылых памяшканняў без натуральнага асвятлення, а таксама ўстаноўка перагародак, якія трапляюць у аконныя праёмы, звязаныя з устаноўкай дадатковага абсталявання цэнтральнага ацяплення, гарачага водазабеспячэння і электратэхнічнага абсталявання, калі гэта пацягне перавышэнне праектных разліковых інжынерных нагрузак на адно памяшканне. Нельга весці перабудову і перапланіроўку са зменамі архітэктурнага і колеравага рашэнняў фасада жылога дома, а таксама работы, якія вядуць да зніжэння эксплуатацыйнай прыдатнасці канструкцый жылога дома.
Рамонтна-будаўнічыя работы па замене ў шматкватэрных дамах запоўненых ваконных і дзвярных проймаў, шкленні балконаў і лоджый не з’яўляюцца работамі па перабудове і перапланіроўцы, аднак павінны выконвацца з захаваннем канфігурацыі і колеру існуючых запаўненняў.
Для атрымання дазволу на перабудову і перапланіроўку грамадзянін павінен звярнуцца ў сектар па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама з заявай і адпаведнымі дакументамі.
У выпадку, калі работы патрабуюць абавязковай распрацоўкі праекта, грамадзянін пасля атрымання ўзгаднення з райвыканкамам павінен заказаць праект.
У час правядзення перабудовы і перапланіроўкі ў шматкватэрных і блакіраваных жылых дамах забараняецца займацца імі ў выхадныя і святочныя дні. Работы, якія ствараюць шум і вібрацыю, можна пачынаць не раней за 9 гадзін раніцы і заканчваць не пазней за 19 гадзін вечара ў працоўныя дні. Нельга загрувашчваць і забруджваць будаўнічымі матэрыяламі і іх рэшткамі калідоры, лесвічныя маршы і пляцоўкі, праходы, запасныя выхады і іншыя дапаможныя памяшканні жылога дома.
У выпадку пашкоджання ў працэсе работ інжынерных сістэм дома, з’яўленні дэфармацый, трэшчын і іншых змен у нясучых і тых, што агароджваюць канструкцыях, неабходна адразу спыніць работы і прыняць меры па недапушчэнні ўзмацнення гэтых дэфармацый і змен, а таксама праінфармаваць аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама ці арганізацыю, якая эксплуатуе жылфонд. Выяўленыя пашкоджанні і іх паследствы ліквідуюцца за кошт сродкаў асоб, якія іх дапусцілі.
Завяршэнне работ пацвярджаецца актам прыёмкі, які падпісваюць члены спецыяльнай камісіі, што прызначаюцца райвыканкамам.
Работы не прымаюцца ў выпадку, калі яны праведзены з адхіленнямі ад праекта, плана-схемы ці пераліку работ, а таксама ў выпадку правядзення іх з парушэннем патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Прыёмка ў такім выпадку ажыццяўляецца пасля ліквідацыі заўваг.
У выпадку, калі грамадзянін усё ж ажыццявіў самавольную перабудову і перапланіроўку, ён абавязаны атрымаць дазвол райвыканкама. Гэтыя работы ўзгадняюцца пры ўмове, што яны не ўздзейнічаюць на бяспеку будынка і выкананы ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў.
У выпадку адмовы райвыканкама ва ўзгадненні, жылое і нежылое памяшканні ў вызначаны тэрмін павінны быць прыведзены ў былы стан асобай, якая ажыццявіла самавольныя перапланіроўку ці перабудову.

Самавольныя перабудова і перапланіроўка забаронены. Згодна з артыкулам 21.16 КаАП РБ за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь, а пры зніжэнні нясучай магчымасці канструктыўных элементаў у выніку самавольных работ, перабудове вентыляцыйных шахт і каналаў – ад 30 да 50 базавых.

Падрыхтавала
Наталля СТАШЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *