Профессиональный праздник отмечают работники Следственного комитета Республики Беларусь
Сёлета ў Беларусі ўведзена прафесійнае свята органаў папярэдняга следства, якое будзе адзначацца 12 верасня. Абраная дата невыпадковая. Менавіта ў гэты дзень, пяць гадоў таму, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 409 “Аб зацвярджэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь”.
Прафесія следчага не з лёгкіх. Каб адшукаць ісціну, яму патрэбна праз прызму закона разгледзець складаны лабірынт чалавечых адносінаў, характараў. І, галоўнае, маючы ўладу “вяршыцеля лёсаў”, самому заставацца Чалавекам!
Пра гэта і іншае наша сённяшняя размова з начальнікам раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь падпалкоўнікам юстыцыі Уладзімірам Вішнеўскім.
– Уладзімір Уладзіміравіч, ужо пяць гадоў Следчы камітэт працуе ў якасці самастойнага праваахоўнага органа. Якія змены прынёс новы статус?
– Асноўныя задачы створанай структуры – гэта аператыўнае і якаснае расследаванне злачынстваў, забеспячэнне законнасці, абарона правоў і свабод грамадзян. Новы статус дазволіў следчым сканцэнтраваць свае намаганні на раскрыцці найбольш цяжкіх злачынстваў. Вынікі апошніх гадоў сведчаць аб паляпшэнні якасці папярэдняга следства. Напрыклад, сёлета з пачатку года ў вытворчасці знаходзілася 214 крымінальных спраў. На сённяшні дзень расследаванне 96 спраў закончана, 82 – накіраваны ў суд. Дарэчы, за пяць гадоў апраўдальных прыгавораў па нашых справах ён не выносіў. Гэта значыць, што вывады следства знайшлі поўнае пацвярджэнне ў ходзе судовых пасяджэнняў.
– Для пацярпелага важна не толькі ўстанаўленне вінаватага і прыцягненне яго да крымінальнай адказнасці, але і кампенсацыя матэрыяльных страт. Як вырашаецца гэта задача?
– Яна з’яўляецца адной з галоўных у дзейнасці аддзела. Сёлета па крымінальных справах устаноўлена страт на суму 60 тысяч рублёў. З іх 20 тысяч кампенсаваны. Да таго ж для кампенсацыі страт на маёмасць абвінавачваемага следчым накладзены арышт на суму больш за 60 тысяч рублёў.
– Якія асноўныя складальнікі вынікаў дзейнасці аддзела?
– Канечне, прафесіяналізм супрацоўнікаў, іх добрасумленныя адносіны да сваёй справы. У аддзеле працуюць 9 следчых. Гэта людзі розныя па характары, вопыту работы, але ўсе яны аб’яднаны разуменнем таго, што іх праца накіравана на перамогу справядлівасці. Сапраўднай легендай аддзела з’яўляецца старшы следчы Валерый Лаўцэвіч, прафесіянал з вялікай літары, стаж якога складае больш за 20 гадоў. Ён спецыялізуецца на расследаванні спраў эканамічнага характару. Гэта адзін з самых складаных напрамкаў следчай вытворчасці. Па выслузе Валерый Уладзіміравіч у 2011 годзе выйшаў на пенсію, але праз год зноў вярнуўся на службу ўжо як вольнанаёмны, чаму мы вельмі рады. Як паказаў час, не памыліліся ў выбары прафесіі следчага маёры юстыцыі Валерый Навумчык, Алег Сушко, Аляксандр Маслоўскі, капітан Сяргей Жданько, старшы лейтэнант Уладзімір Шарох. Але паступова калектыў маладзее. Як правіла, малады следчы – гэта чалавек з некаторымі ўжо сфарміраванымі поглядамі на жыццё, але які не мае значнага жыццёвага вопыту. Толькі гэта справа нажыўная. Калі будзе жаданне, і сённяшнія лейтэнанты Аляксей Уласаў і Сяргей Пляшкун стануць прафесіяналамі. Тым больш што вучыцца ім ёсць у каго.
– Якая справа з нядаўніх была найбольш складанай?
– Іх было некалькі. Напрыклад, крадзеж у жыхаркі Бягомля вялікай сумы грошай: 378 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Злачынцаў адшукалі ў Полацку. Доказаў іх віны было небагата. Але нам удалося прафесіянальна зрабіць сваю работу. Справа зараз ужо разглядаецца ў судзе. Вось толькі з кампенсацыяй страт пацярпелай узніклі складанасці. Украдзеныя грошы злачынцы паспелі патраціць, маёмасці, адпаведнай вышэйназванай суме, у іх няма.
– Якія якасці, на Ваш погляд, неабходны сучаснаму следчаму?
– Не кожнаму па сіле гэта справа – быць следчым. Мала быць юрыстам і добра ведаць заканадаўства — трэба яшчэ мець аналітычны склад розуму, інтуіцыю, умець прагназаваць падзеі, па характары быць ініцыятыўным, настойлівым, рашучым, валявым. Прафесіяналізм следчага заключаецца ў тым, каб па крымінальнай справе, якая знаходзіцца ў яго вытворчасці, ён мог устанавіць і даказаць віну злачынцы або невінаватасць чалавека, які трапіў пад падазрэнне. Без маральных асноў асобы – добразычлівасці, спагадлівасці, здольнасці зразумець пачуцці і ўчынкі чалавека — немагчыма дасягнуць вяршынь у нашай прафесіі. Вядомы юрыст Анатоль Коні пра гэта сказаў: “Трэба прыкладаць усе сілы розуму і сумлення, ведаў і вопыту, каб дасягнуць жыццёвай і юрыдычнай праўды справы. Якой бы правільнай ні была дзейнасць, яна можа згубіць сваю сілу і значэнне ў руках нявопытных, грубых і нядобрасумленных”.
– Як Вы самі прыйшлі ў следства?
– Працягнуў справу бацькі. Падпалкоўнік Уладзімір Мікітавіч Вішнеўскі ў свой час узначальваў следчы аддзел РАУС. Таму я сябе ў іншай прафесіі не ўяўляў. Адразу пасля школы паступіў у Магілёўскую школу міліцыі. З 1995 года па 2001 працаваў у аддзеле па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. Калі ў 2004 годзе быў створаны спецыялізаваны аддзел папярэдняга следства, перайшоў туды, праз чатыры гады яго ўзначаліў. За свае прафесійныя здабыткі вельмі ўдзячны былым калегам, якіх лічу настаўнікамі: Вадзіму Гарбачову, Алегу Лубачку, Валерыю Русаку і, канечне, Валерыю Лаўцэвічу.
– Парайце, які першы крок трэба зрабіць таму, хто пажадае стаць следчым?
– Па-першае, атрымаць вышэйшую юрыдычную адукацыю ў любой ВНУ, у тым ліку ў Акадэміі МУС на следча-экспертным факультэце. Для гэтага да 1 красавіка 2017 года неабходна звярнуцца ў райаддзел па вул. Чарняхоўскага, 103, каб да 15 чысла гэтага ж месяца прайсці медкамісію і падаць дакументы. ЦТ трэба здаваць па беларускай (рускай) мове, а таксама англійскай і грамадазнаўстве. Тых, хто ўжо мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, запрашаем на працу. У нас ёсць вакансіі. Тэлефануйце па нумарах: 8 (02157) 2-14-97, маб. 8 (029) 891-35-88, 8 (029) 344-12-26.
– Дзякуй за інтэрв’ю. Жадаем вашаму калектыву поспехаў у гэтай нялёгкай барацьбе Дабра і Зла.
Гутарыла
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.