“Step-beat” коллектив барабанщиц Докшицкого района

Луки.ру 218460Калектыў барабаншчыц “Step-beat” быў арганізаваны ў чэрвені 2014 года. Ідэя стварэння належыць дырэктару Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў імя Н. Сакалоўскага Вользе Сушко. Удзельніц шукалі сярод вучаніц школы, класа харэаграфіі. Конкурсны адбор – а гэта не толькі наяўнасць музычнага слыху, а яшчэ і пачуцця рытму, і абаяльнай усмешкі, і росту вышэйшага за сярэдні – змаглі тады вытрымаць шаснаццаць дзяўчат ад 14 да 16 гадоў. На цяперашні час іх дванаццаць. Каб выступленні калектыву праходзілі на высокім узроўні, тры разы ў тыдзень майстэрства барабаншчыц “шліфуецца” нязменным кіраўніком, харэографам Святланай Яцына і барабаншчыкам школы Дзмітрыем Няфёдавым.
Трэба адзначыць, што “Step-Beat” вельмі хутка стаў вядомым не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Першае дэфіле калектыву адбылося на парадзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у 2014 годзе. З тае пары ансамбль стаў заўсёдным удзельнікам практычна ўсіх святочных мерапрыемстваў у раёне. Нават калі дзяўчаты разам з кіраўніком проста праводзяць рэпетыцыі на гарадской плошчы, каля іх збіраецца натоўп мінакоў, каб палюбавацца, а часам і сфатаграфавацца разам. Яшчэ б: у сваёй форме ўдзельніцы ансамбля выглядаюць ашаламляльна прыгожа. Жакеты з галунамі, белыя кароценькія спаднічкі, белыя боцікі на шнуроўцы, гусарскія ківеры са страусавым пер’ем – усё гэта, акрамя боцікаў, не купілася ў магазіне, бо цэны на такія касцюмы “кусаюцца”. Дызайн распрацоўвалі педагогі школы мастацтваў, за фурнітурай ездзілі ў Мінск і ўрэшце пашылі. Здорава атрымалася, праўда ж?
Крышку больш за два гады прайшло з моманту стварэння ансамбля, а цікавых падзей, сустрэч, запамінальных мерапрыемстваў у яго актыве ўжо шмат. У гэтым годзе дзяўчаты будуць у трэці раз прадстаўляць раён на абласных “Дажынках”, што пройдуць у Сянно. 18 мая ездзілі ў Вялікія Лукі на юбілей калектыву “Залатыя пагоны”, адкуль прывезлі Дыплом “За партнёрскія адносіны, развіццё і ўмацаванне сувязяў паміж культурнымі ўстановамі дзвюх краін”. А ўжо 20 мая ўдзельнічалі ў справаздачным канцэрце калектываў мастацкай самадзейнасці Віцебскай вобласці, што прайшоў у Докшыцах. 14 ліпеня прынялі ўдзел у парадзе-шэсці на адкрыцці “Славянскага базару”. А зусім нядаўна, 26 жніўня, на Міжнародным фестывалі-конкурсе сярод мажарэтак і барабаншчыц на кубак “Горада воінскай славы”, які адбыўся ў рамках святкавання 850-годдзя першага ўпамінання ў летапісе горада Вялікія Лукі, дзяўчаты заваявалі кубак і атрымалі дыплом ІІІ ступені Міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі па спорце “Федэрацыя Батан Твірлінгу і мажарэтак” у намінацыі “Барабаншчыцы” ў дысцыпліне “Паказ на подыуме”, з чым шчыра віншуем калектыў і яго ўлюбёнага ў сваю справу кіраўніка. Так трымаць і надалей!

Алена НЕСЦЯРОНАК.
На ЗДЫМКУ: ансамбль “Step-Beat” на фестывалі ў расійскім горадзе Вялікія Лукі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *