Учитель информатики Порплищенской СШ Докшицкого района любит свою профессию

IMG_2672Напярэдадні кастрычніцкага свята – Дня настаўніка, думаецца, варта не толькі спяваць дыфірамбы пра тое, якая цудоўная гэта і высакародная прафесія, якое свяшчэннадзейства – сеяць разумнае, добрае, вечнае ў дзіцячых душах. Apriori так і ёсць, і не падлягае сумненню. Справа ў іншым: рэформы і новаўвядзенні, якія апошнім часам калоцяць сучасную школу, шэраг указаў, пастаноў, палажэнняў, паператворчасць, якой вымушаны займацца педагогі ва ўрон іх асноўнай дзейнасці, бясконцыя конкурсы, удзел у кожным з якіх вучні, асабліва малакамплектных школ, прыняць не могуць па банальнай прычыне – не застанецца часу на вучобу (а ў настаўнікаў яго “заўжды хапае”, таму і тут яны паспяваюць), ніяк не спрыяюць прэстыжу настаўніцкай прафесіі. Плады гэтага пажынаюцца ўжо сёння. У школах пануе дэфіцыт настаўнікаў-мужчын. Таму наш сённяшні аповед пра аднаго з нямногіх “магікан”, якія засталіся, нягледзячы ні на што, вернымі выбранай аднойчы справе.

У настаўніка інфарматыкі і працоўнага навучання Парплішчанскай сярэдняй школы Юрыя Шылавіча дзве вышэйшыя адукацыі. Ён закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута і Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, дзе набыў спецыяльнасць інфарматыка. Амаль два дзясяткі гадоў адпрацаваў у Бярозкаўскай сярэдняй школе, і час гэты ўспамінае са светлай настальгіяй: маладосць, каханне, нараджэнне дзетак, сябры-аднадумцы, любімая работа, фантанаванне ідэямі і задумамі… Выкладаў працоўнае навучанне, чарчэнне, выяўленчае мастацтва. А яшчэ – трактарную справу. На старэнькім Т-16 разам з настаўнікам мелі за шчасце праехаць усе старэйшыя школьнікі.

Як апынуўся ў Порплішчы? Школы сябравалі паміж сабой, праводзілі сумесныя вечары, святы, спартыўныя спаборніцтвы. Калі ў Бярозках стала праблемна з вучэбнай нагрузкай, пэўны час працаваў і там, і там. Пераезд жа ў Докшыцы на пастаяннае месца жыхарства вырашыў далейшы лёс: з 2008 года Юрый Шылавіч настаўнічае ў гэтым аграгарадку. Выкладае інфарматыку, канечне ж, працоўнае навучанне і чарчэнне, а яшчэ дапрызыўную падрыхтоўку.

– Хто, калі не я? – усміхаецца Юрый Яўгенавіч. – У школе з калег-мужчын у мяне толькі адзін – настаўнік англійскай мовы.

Рэальныя ўменні педагога ствараць прыгожае ўласнымі рукамі вельмі ўдала стасуюцца з веданнем камп’ютарных праграм, яго свабодным “плаваннем” у інтэрнэтнай прасторы. Таму, мабыць, так любяць вучні заняткі ў свайго настаўніка і яго самога – па-мужчынску стрыманага, спакойнага, грунтоўнага і сур’ёзнага, строгага, але вельмі добрага. І аб’яднанне па інтарэсах “Майстэрня “Умелыя рукі”, якое вядзе Юрый Яўгенавіч, наведваюць з ахвотай. Ну а тое, што там ствараюць, бачна наўкола: і ў памяшканні школы, і на яе дагледжанай, арыгінальна аформленай тэрыторыі. Неаднаразова выхаванцы ўлюбёнага ў сваю справу прафесіянала займалі пераможныя і прызавыя месцы на раённых алімпіядах і па працоўным навучанні, і па інфарматыцы, вызначаліся ў абласных конкурсах рознага кшталту.

– Кінуць школу і пашукаць сябе ў іншай сферы дзейнасці – такая думка ні разу не прыходзіла мне ў галаву, – гаворыць Юрый Яўгенавіч, і ў гэта верыцца. Бо неадольная цяга да ведаў у яго ўзнікла, мабыць, яшчэ тады, калі разам з сябрукамі штодзённа пераадольваў шэсць кіламетраў лясной дарогі са свайго маляўнічага Парэчча ў Лісавіцкую базавую школу. Прыцемкамі ішлі з запаленымі факеламі. Гэты свой факел пазнання ён так і нясе па жыцці, ведучы за сабой сваіх вучняў.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Юрый Шылавіч са сваімі выхаванцамі на зробленай уласнаручна лавачцы.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *