Учительница СШ №2 г. Докшицы Виктория Жданович считает главным в своей профессии любовь к детям

IMG_2793Кажуць, што сапраўдны настаўнік — гэта чалавек, пацалаваны Богам, а ўсе іншыя прафесіі – ад настаўніка. Не паспрачаешся. У кожнага з нас у жыцці быў свой настаўнік, дзякуючы ведам, вопыту і мудрасці якога мы спазналі свет, навучыліся ствараць будучыню. Толькі чалавек з асаблівым талентам зможа данесці да іншага свае веды і навыкі, яму хопіць мужнасці і цярпення ўзяць на сябе адказнасць за выхаванне новага пакалення.

Пяцікласнікам з сярэдняй школы № 2 г. Докшыцы пашанцавала з класным кіраўніком. Вікторыя Ждановіч лічыць галоўным у сваёй прафесіі любоў да дзяцей. І яны ёй, здаецца, адказваюць тым жа.

Былая студэнтка дзярж­педуніверсітэта імя Максіма Танка Вікторыя Ждановіч настаўніцай працуе другі год. Летась адміністрацыя школы да яе прыглядалася, але пасля таго, як малады педагог, акрамя выкладання гісторыі, падрыхтавала каманду КВЗ, якая стала лепшай у раёне, прымала самы актыўны ўдзел у турзлёце і іншых школьных мерапрыемствах, сёлета рашылася даверыць класнае кіраўніцтва ў 5 «Б” класе. Дырэктар установы Іван Шкелка ў размове адзначае вельмі адказныя адносіны маладой настаўніцы да любой справы, відавочныя арганізатарскія здольнасці, малады запал і актыўнасць.

“Бутончыкі” Ждановіч дасталіся яшчэ тыя. Яна іх кліча “энерджайзеры”, бо знаходжанне нават у хвілінным спакоі — для іх ужо дасягненне. Толькі Вікторыю Аляксандраўну гэта акалічнасць зусім не напружвае. Прымае яе як дадзенасць. Нягледзячы на маладосць, разумее, што сілай знутры бутон кветкі не раскрыць, ён сам гэта зробіць, калі будзе гатовы павярнуць свае пялёсткі да сонца. А яна стане ім, бо поўная рашучасці аддана і шчыра служыць дзецям.

З пачатку вучэбнага года прайшоў толькі месяц, і яго Вікторыя Аляксандраўна прысвяціла знаёмству з вучнямі і іх бацькамі. Засталася задаволенай і мяркуе, што ў яе атрымаецца быць справядлівай, разумнай у строгасці і патрабавальнасці, а галоўнае, знойдзецца тое штодзённае гарэнне, без якога нельга сваё душэўнае багацце і веды перадаць дзецям, каб узбагаціць іх, павесці за сабой. Летась яе ўпершыню віншавалі родныя і калегі з Днём настаўніка. Самымі дарагімі былі словы маці Ларысы Вацлаваўны і цёткі Глафіры Віктараўны, настаўнікаў па прафесіі. Гэта дзякуючы ім Віка стала прадаўжальніцай сямейнай дынастыі, палюбіла школу і яе галоўных насельнікаў – дзяцей.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *