«Битва экстрасенсов» прошла на Докшицкой сцене
Напярэдадні Дня работнікаў культуры ў ККЗ “Іскра” сабраліся тыя, хто сваёй штодзённай працай стварае навакольным добры настрой і цудоўныя святы.
Пачалося мерапрыемства міні-спектаклем лялечнага тэатра.
Тое, што прафесія культработнікаў няпростая, але вельмі важная і патрэбная, адзначыў у сваім прывітальным слове старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Ён падкрэсліў, што работнікі гэтай сферы не толькі дораць радасць людзям, але і захоўваюць народныя традыцыі, звычаі, праводзяць вялікую работу па патрыятычным, ідэалагічным выхаванні, па ўмацаванні культурнай спадчыны рэгіёна.
Сваіх калег павіншавала з прафесійным святам начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Інга Журомская. Не абмінулі на свяце ўвагай народжаны ў гэтым годзе Фестываль дзвюх рэк. Спецыяльным прызам была адзначана пераможца раённага конкурсу на лепшы лагатып фестывалю Віялета Мацюшонак.
Асаблівыя словы падзякі і самыя гучныя апладысменты прагучалі ў гонар майстроў сваёй справы – паважаных ветэранаў культуры.
Жартоўным было прадстаўленне маладых спецыялістаў, знаёмства з якімі адбылося падчас містычнага шоу “Бітва экстрасэнсаў”.
Працягам святочнага мерапрыемства стала традыцыйная цырымонія ўручэння прэміі года “Іскра” лепшым работнікам культуры. Сёлета памятную статуэтку атрымалі: Іна Найдзяновіч у намінацыі “Мудрае, добрае, вечнае”, Таццяна Стадольнік – “Ствараючы святочны настрой”, Алеся Палякова – “Надзея і апора”, Валерый Міхмель – “Моладзь – надзея краіны”, Настасся Асон – “Музыкі чароўная ўлада”, Валянціна Валіцкая – “Праца клопатная, але прыемная”. Завяршылася свята музычным падарункам для культработнікаў – канцэртам народнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Белы птах”.
Граматамі раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны:
— бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Хілько;
— настаўнік па класе акардэона Крулеўшчынскай ДШМ Святлана Кузьміч.
Граматамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама ўзнагароджаны:
— бібліятэкар 1 катэгорыі Валкалацкай сельскай бібліятэкі Антаніна Невярковіч;
— метадыст-майстар 1 катэгорыі па лозапляценні раённага Дома рамёстваў Таццяна Гаварцова;
— настаўнік па класе акардэона Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага Аляксандр Букаты.
Граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ўзнагароджаны:
— настаўнік тэарэтычных дысцыплін Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага Аксана Глінская;
— настаўнік мастацкага аддзялення Крулеўшчынскай ДШМ Людміла Ляйчынская;
— бібліятэкар 1 катэгорыі дзіцячай раённай бібліятэкі Юлія Жызнеўская;
— бібліятэкар 2 катэгорыі аддзела камплектавання і апрацоўкі раённай бібліятэкі Павел Жакаўка.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.