Чтобы заправиться на АЗС в Докшицах — меняйте валюту в Глубоком

article-2100_3У адзін з суботніх вечароў зламаўся ў мяне мабільны тэлефон. Настрой адразу сапсаваўся. Толькі перажывала не таму, што цяпер да мяне ніхто не зможа дазваніцца. Згадзіцеся, без гэтай “цацкі” раней абыходзіліся – і нічога. Вось толькі прыйдзецца патраціцца, каб набыць новы мабільнік. На наступны дзень, у нядзелю, адправілася ў спецыялізаваную краму. Дастаўшы з сумкі кашалёк і падсумаваўшы ўсё тое, што там было, зрабіла вывад: не хопіць нават на самы танны тэлефон. На плацежнай картцы таксама капейкі… І тут успомніла пра сваю “заначку” ў выглядзе замежнай валюты, і хуценька адправілася ў банк.
– Ой, зачынена! – расчаравана падумала я. – А, здаецца, нядаўна банк працаваў да абеду. Ну нічога, да другога некалькі крокаў.
Але і там дзверы былі на замку. Настрой апусціўся да нуля. Не змяніла яго ў станоўчы бок і сустрэча на парковачнай стаянцы.
– Дэвушка, – паклікаў мяне мужчына каўказкай нацыянальнасці, – дзе ў вашым горадзе можна памяняць “расію” на беларускія рублі?
– Сёння нідзе, а ўвогуле ў бліжэйшым райцэнтры, кіламетраў 30 адсюль, – са злосцю кінула яму ў адказ.
– Хмм, – здзівіўся ён, – а чаму так?
Вось і мне б хацелася
ведаць, чаму?
Сапраўды, чаму банкі адмовіліся абслугоўваць кліентаў у нядзелю, хаця б да абеду, як і ў суботу? Гэта мы, тутэйшыя, можам аплаціць паслугі і ажыццявіць іншыя банкаўскія аперацыі ў будні дзень. А што рабіць гасцям горада ў выхадны дзень, як у вышэйназваным прыкладзе? Памятаць пра тое, што ў Докшыцах няма абменнага пункта і запасацца налічкай адразу пры ўездзе ў краіну? Падобныя адносіны не назавеш клопатам аб кожным кліенце.
Ні ў якім разе не хачу сказаць дрэннае пра работу банкаў у райцэнтры. Супрацоўнікі гэтых устаноў ветлівыя, абслугоўваюць яны заўсёды якасна і хутка. Проста хацелася б, каб пры гэтым улічваліся інтарэсы і патрэбы кожнага чалавека.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *