Молодой агроном Наталья Малашёнок начала свою профессиональную деятельность в Докшицком райагросервисе

а 292Мабыць, многія пагодзяцца з такой высновай, што калі твой дзень пачынаецца сустрэчай, зносінамі з прыемным чалавекам, нават і незнаёмым, то і настроем добрым зараджаешся, і далей дзень гэты складваецца ўдала, паспяхова.
Наталлю Малашонак, памочніка агранома з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” (на здымку), мы ледзь паспелі “схапіць” зранку на выхадзе з Дома механізатара.

Намеснік дырэктара гаспадаркі Андрэй Янчак, які праходзіў міма па справах, жартам зазначыў:
– Няма калі нашаму маладому спецыялісту тут інтэрв’ю раздаваць: тры адзінкі тэхнікі ў нас адпраўляюцца на поле каля вёскі Паляне, на развозку арганікі пад кукурузу. Трэба клапаціцца пра ўраджай наступнага года. А Наташа ўлік будзе весці.
Сапраўды, у агранома клопатаў шмат. Крыху вальней толькі зімой, а да зімы яшчэ далекавата. Але, думаецца, лёгкай, хуткай, мабільнай Наташы ўсё па плячы.
– Давайце пагаворым, – згаджаецца. – Пакуль тыя “адзінкі” да поля даедуць, дык мы іх дагонім.
Наташа жыла раней у Чашніках, вырасла ў прыёмных бацькоў, пра якіх гаворыць з цеплынёй. Прызнаецца, што пэўны час вагалася з выбарам будучай прафесіі. На рашэнне стаць аграномам паўплывала тое, што тата – таксама аграном, і яна ў нейкай ступені ўжо ўяўляла, як кажуць, што гэта такое і з чым яго ядуць. Таму са Смальянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа ў хуткім часе “выпырхнуў” яшчэ адзін малады спецыяліст і “паляцеў” па накіраванні ў Бешанковічы. Там дзяўчыне чамусьці не знайшлося месца. Яна ўзяла свабодны дыплом і прыехала ўладкоўвацца ў наш раён. Выбар быў абумоўлены тым, што ў Докшыцах жыве родная Наташына крывінка – стрыечная сястра. Было, як гаворыцца, да каго прыхінуцца.
“Возьмем, чаму ж не”, – сказаў дырэктар аграсэрвіса Васіль Васюковіч, і з канца жніўня мінулага года Наталля залічана ў штат работнікаў наймацнейшай у раёне гаспадаркі.
– Хвалявалася, яшчэ як! – прызнаецца мая суразмоўца. – І адказнасць вялікая, і ў калектыў трэба было ўліцца, і даказваць, што дыплом мой не проста кардонка, а да яго і веды пэўныя прыкладваюцца. На шчасце, і прынялі мяне добра, прыязна, нібы раней тут была, і галоўны аграном Васіль Раманавіч аказаўся мудрым і цярплівым настаўнікам, дарадцам. Першае жніво перажыла, – смяецца, – цяпер ужо не страшна.
Ёсць у дзяўчыны не толькі старэйшыя таварышы, але і сябры-равеснікі, такія ж спецыялісты-
“малькі”: начальнік участка Дзмітрый Маеўскі, эканаміст Ніна Кучыц. Хочацца спадзявацца, што Наташа Малашонак тут прыжывецца, стане высакакласным спецыялістам. Бо павінен жа ў чалавека, які ўсіх і ўсё навокал сагравае сваёй усмешкай, глядзіць на жыццё пазітыўна, і лёс быць сонечным. А як жа інакш?

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *