Почта — надежный партнер для населения Докшицкого района
З самай раніцы любога дня тыдня на прыступках Докшыцкага раённага вузла паштовай сувязі можна сустрэць нецярплівых кліентаў, якія яшчэ да пачатку працоўнага дня ўстановы спяшаюцца сюды. Пагадзіцеся, што для арганізацыі гэта вялікі плюс: у час папулярызацыі Інтэрнэту пошта не згубіла свайго кліента, а нават, наадварот, усё больш і больш прыцягвае да сябе людзей новымі паслугамі і прапановамі. Напярэдадні Сусветнага дня пошты мы звярнуліся да жыхароў Докшыччыны з пытаннямі: якімі паслугамі пошты яны карыстаюцца часцей і як часта пішуць ці атрымліваюць
лісты?
Мікалай Гушчык,
г. Докшыцы:
– Адразу скажу, што ніколі не з’яўляўся прыхільнікам эпісталярнага жанру: з задавальненнем карыстаюся электроннай поштай. Але РВПС не абыходжу бокам – атрымліваю пасылкі.
Вольга Радзюк-Сідзіна, агр. Пруднікі:
– У наш час пошта – гэта не толькі падпіска і адпраўка лістоў. Спіс яе паслуг значна пашырыўся. Асабіста я аплачваю камунальныя плацяжы, адпраўляю пераводы, і набываю розныя тавары.
Святлана Навойчык, г. Докшыцы:
– У нашай вялікай сям’і амаль усе з’яўляюцца прыхільнікамі друкаваных СМІ, таму на пошту спяшаюся, каб выпісаць сабе газеты, а дзецям – тэматычныя часопісы. Таксама карыстаюся паслугай перасылкі карэспандэнцый, атрымліваю пенсію.
На сённяшні дзень у РВПС працуе 120 чалавек. Дзейнічаюць 23 аддзяленні паштовай сувязі, 2 – перасоўныя, 1 гандлёвы кіёск. 140 населеных пунктаў абслугоўваюць 5 спецыяльных аўтамабіляў.
Алена Камінская, агр. Порплішча:
– Ведаю, што зараз праз Інтэрнэт можна і паслугі аплаціць, і падпіску аформіць. Вось так, седзячы ў сусветным павуцінні, мы забываемся пра простыя чалавечыя зносіны. Таму асабіста я іду на пошту, дзе ветлівымі ўсмешкамі сустракаюць кліентаў аператары, якія з задавальненнем параяць, якія газеты і часопісы выпісаць, прапануюць найноўшыя паслугі адпраўкі карэспандэнцыі. Да таго ж зараз на пошце можна набыць розныя харчовыя і нехарчовыя тавары, і нават танней, чым у краме. З юнацкіх гадоў у мяне і маіх сяброў, якіх шмат не толькі ў Беларусі, а і па-за межамі краіны, засталася, лічу, добрая звычка віншаваць адзін аднаго са святамі менавіта паштоўкамі. У аддзяленнях паштовай сувязі прыгожых маляўнічых паштовых картак – на любы густ.
З пачатку года раённым вузлом паштовай сувязі было адпраўлена: 100 тысяч 412 адзінак простай карэспандэнцыі, 10 тысяч 655 – заказной, 574 – паскоранай, 6 тысяч 67 адпраўленняў паслугай “1 клас”, 21 тысяча 970 пасылак, 43 тысячы 770 грашовых пераводаў. Рэалізавана харчовых і нехарчовых тавараў на суму 5,8 мільярда недэмінаваных рублёў.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.