С наградами вернулись работники культуры Докшицкого района с заседания коллегии

IMG_4168З ўзнагародамі  вярнуліся работнікі культуры раёна з пасяджэння калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.  

Таццяна Гаварцова атрымала Дыплом як лепшы майстар традыцыйных рамёстваў вобласці. Таццяна Пятроўна з’яўляецца неаднаразовай пераможцай абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў народных майстроў лозапляцення. Яна таксама распісвае шкло, стварае цудоўныя вырабы з цеста. Працуючы больш за 20 гадоў у раённым Доме рамёстваў метадыстам-майстрам, вучыць бачыць і ствараць прыгажосць сваімі рукамі дарослых і дзяцей. Яе вучні Алег Войніч, Святлана Каросцік дасягнулі вызначаных вышынь і ўжо самі паспяхова прымалі ўдзел у конкурсах.

Вакальным брэндам Докшыц можна назваць кіраўніка народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” Андрэя Чабана, выступленне якога з’яўляецца ўпрыгожаннем любога канцэрта. Яго пеўчы талент паспелі ацаніць на абласной сцэне. Андрэй – лаўрэат ІІ ступені рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў” і іншых.
Андрэй Чабан названы лепшым клубным работнікам вобласці.

Вольга Сушко атрымала Падзяку за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у прапаганду музычнага мастацтва, актыўную работу па развіцці творчага патэнцыялу дзяцей і падлеткаў. У Докшыцкай ДШМ, дырэктарам якой з’яўляецца Вольга Васільеўна, не толькі вучаць дзяцей музыцы, спевам і іншым відам мастацтва, але і працуе некалькі дзіцячых, настаўніцкіх калектываў мастацкай самадзейнасці, у тым ліку ўзорны аркестр баянаў. Сама Вольга Васільеўна з’яўляецца кіраўніком народнага ансамбля “Вярба” і хору ветэранаў “Залатыя гады”.

Дыпломам ацэнена дзейнасць работнікаў культуры раёна па стварэнні і правядзенні Фестывалю дзвюх рэк, брэндавае афармленне Докшыцкага панадворка на “Славянскім базары ў Віцебску”.
Шчыра віншуем з узнагародамі і жадаем плёну ў далейшай творчасці.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Т.П. Гаварцова, А.А. Чабан і В.В. Сушко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *